Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 08 Верасень 2020

У Полацку судзяць за прагулкі па горадзе

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Генадзь Бердзянёў Генадзь Бердзянёў

Суд Полацкага раёну і гораду Полацку 8 верасня прысудзіў штраф у памеры 5 базавых велічынь Генадзю Бердзянёву. Гэтак палачаніна пакаралі за ўдзел у шэсці па горадзе 30 жніўня. Напярэдадні былі пакараныя яшчэ двое ўдзельнікаў гэтага шэсця.

Суд над Генадзем Бердзянёвым адбыўся ў самай вялікай зале Полацкага суду. Суддзя Уладзімір Бясецкі, які зараз выконвае абавязкі старшыні Полацкага суду, аштрафаваў палачаніна на 135 рублёў (5 базавых велічынь).

Бердзянёў не адмаўляўся ад таго, што ўдзельнічаў у шэсці з накінутым на плячах бел-чырвона-белым сцягам і выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь!» Але сваёй віны ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП) не прызнаў. Заявіў, што ягоныя дзеянні не парушалі асноўнага Закону краіны – Канстытуцыі.

Пратакол на актывіста склаў капітан міліцыі Віктар Кураш, які на судзе прызнаўся, што ў райаддзеле міліцыі выяўляюць усіх удзельнікаў шэсця па Полацку 30 жніўня – для прыцягнення іх да адказнасці.

Генадзь Бердзянёў прыйшоў на суд з пакетам неабходных рэчаў для адседкі, бо быў гатовы да арышту. Раней яго прэвентыўна затрымлівалі 8 жніўня і выпусцілі толькі 14 жніўня.

Стала вядома, што 5 верасня затрымалі яшчэ двух удзельнікаў шэсця, якіх у панядзелак асудзілі ў РАУС: аднаго пакаралі штрафам у памеры 3 базавыя велічыні, другога – адміністрацыйным арыштам на 3 сутак, якія абвінавачаны ўжо адседзеў па факце.

Аляксандр Марозаў