Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 03 Верасень 2020

У Віцебску судзяць мірных пратэстоўцаў: Янушкоўскай – 5 сутак, Філімонавай –1080 рублёў штрафу

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Блогерка Алена Янушкоўская Блогерка Алена Янушкоўская

3 верасьня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску судзьдзя Ільля Белавус за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве пакараў віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую адміністрацыйным арыштам на 5 содняў. Днём раней суд Першамайскага раёну за ўдзел у мірных шэсьцях аштрафаваў агулам на 40 базавых велічынь яшчэ адну актывістку – Тацяну Філімонаву.

Алену Янушкоўскую затрымалі і кінулі ў ізалятар часовага ўтрыманьня 31 жніўня. 1 верасьня суд Віцебскага раёну аштрафаваў яе за маханьне сьцягам на бальконе прыватнай кватэры на 945 рублёў, але з ізалятару блогерку ня выпусьцілі да суду 3 верасьня.

Суд праходзіў праз скайп. Як зафіксавана ў пратаколе, 30 жніўня Алена Янушкоўская знаходзілася ў калёне, якая скандавала лёзунгі грамадзка-палітычнага характару: «Жыве Беларусь!», «Уходзи!», «Верым, можам, пераможам!» Сваімі дзеяньнямі ўдзельнікі акцыі выказвалі пратэст супраць парадку арганізацыі і правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. Такім чынам, паводле міліцыянтаў, Янушкоўская ўзяла ўдзел у не дазволеным уладамі мерапрыемстве (ч. 3, арт. 23.34 КаАП).

Алена Янушкоўская не адмовілася ад таго, што ўдзельнічала ў мірным шэсьці. Патлумачыла, што цягам трох гадзін вяла стрым з акцыі. Але вінаватай сябе не прызнала. Заявіла, што права на мірны пратэст гарантуе кожнаму грамадзяніну беларуская Канстытуцыя.

У якасьці сьведкі ў судзе выступіў супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Віталь Праліч. У той дзень ён рабіў відэафіксацыю «несанкцыянаванага мерапрыемства». Міліцыянт паведаміў, што Алена Янушкоўская брала ўдзел у мерапрыемстве ад самага пачатку, выгуквала лёзунгі і пляскала ў далоні. Янушкоўская на гэта заявіла, што не пераносіць хлусьні, бо пляскаць у далоні, калі вядзеш стрым, немагчыма. Праліч паправіўся і сказаў, што Алена біла далоньню адной рукі па запясьці другой…

Судзьдзя Ільля Белавус, згадаўшы сёлетнія адміністрацыйныя спагнаньні, зьвярнуў увагу, што ніводзін штраф не аплачаны, і абвясьціў сваё рашэньне: 5 содняў арышту. Тэрмін будзе вылічвацца ад моманту затрыманьня 1 верасьня. Гэткім чынам, Алена Янушкоўская выйдзе на волю 6 верасьня (па часе – у 13.10).

Днём раней, 2 верасьня, за ўдзел у мірных шэсьцях, якія адбыліся ў Віцебску 11 і 21 жніўня, суд Першамайскага раёну аштрафаваў актывістку Тацяну Філімонаву. Судзіў Філімонаву Міхаіл Юрчанка, які прызначыў актывістцы па 20 базавых штрафу за ўдзел у кожнай з акцый.

Тацяна Філімонава

Адзначым, што дзяўчыну затрымалі і прымусава даставілі ў суд пасьля таго, як яна прынесла скаргу ў Першамайскі РАУС на неправамерныя дзеяньні міліцыянтаў пры яе затрыманьні 11 жніўня.

С. Горкі