Серада, 07 Жнівень 2019

У Віцебску абвясьцілі прысуд за забойства з асаблівай лютасьцю на Чарняхоўцы

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду прысудзіла абвінавачанага ў жорсткім забойстве жыхара Віцебску да 20 гадоў пазбаўленьня волі, паведамляе prokuratura.gov.by. У сакавіку 2019 года 40-гадовы мужчына падчас п’янкі забіў сваю 24-гадовую сяброўку, прыраўнаваўшы яе да сабутэльніка…

Паводле сьледчых, абвінавачаны зьбіваў дзяўчыну рукамі, нагамі і шкляной пляшкай з-пад гарэлкі. Нанёс сваёй ахвяры ня менш за 20 удараў. Дзяўчына памерла празь цяжкія траўмы. Здарылася гэта  10 сакавіка на праспэкце Чарняхоўскага ў Віцебску.

Згодна з санкцыямі 2 ч. арт. 139 КК РБ, мужчыну, якога да гэтага неаднаразова судзілі, маглі прыгаварыць да найвышэйшай меры пакараньня – расстрэлу. Нагадаем, тыдзень таму, 30 ліпеня, судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага аблсуду прысудзіла да расстрэлу жыхара Віцебскага раёну Віктара Паўлава.

Але гэтым разам прысуд быў больш літасьцівы. Па вывучэньні пададзеных дзяржаўным абвінаваўцам доказаў і зважаючы на яго пазыцыю, судовая калегія па крымінальных справах прызначыла абвінавачанаму паводле п.6 ч.2 арт. 139 КК пакараньне ў выглядзе 20 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем тэрміну ў папраўчай калёніі асаблівага рэжыму.

Прысуд не набыў пакуль законнай сілы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апэляцыйным парадку.