Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 23 Ліпень 2019

Сын забіў маці?.. Сьледчыя перадалі справу ў пракуратуру для накіраваньня ў суд

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Фота: sk.gov.by Фота: sk.gov.by

32-гадовы жыхар Наваполацку абвінавачваецца ў забойстве з асаблівай лютасьцю ўласнай маці (ч.2 арт.139 КК). Крымінальная справа перададзеная ў пракуратуру для накіраваньня ў суд, паведамляе прэс-служба УСК па Віцебскай вобласьці.

Здарэньне адбылося ў студзені 2019 году. Мужчына сам заявіў у міліцыю аб зьнікненьні маці. У ходзе апэратыўна-пошукавых дзеяньняў міліцыянты высьветлілі, што жанчына загінула і яе сьмерць мае крымінальны характар. Супраць мужчыны была распачатая крымінальная справа. Ён сам паказаў месца ў лесе ва Ўшацкім раёне, дзе схаваў цела маці.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, падчас сваркі з маці з прычыны непрыязных стасункаў мужчына нанёс жанчыне некалькі ўдараў малатком “па жыцьцёва важных органах”.

Вынікі стацыянарнай судовай псыхіятрычнай экспэртызы паказалі, што жыхар Наваполацку ў момант зьдзяйсьненьня злачынства “мог у поўнай меры ўсьведамляць значэньне сваіх дзеяньняў і кіраваць імі”.   

Частка 2 артыкулу 139 КК РБ прадугледжвае пакараньне пазбаўленьнем волі ад 8 да 15 гадоў, альбо пажыцьцёвае зьняволеньне, альбо сьмяротнае пакараньне.

Зьміцер Міраш