Аўторак, 21 Май 2019

Віцебскага псыхіятра Пастнова асудзілі на тры гады “хіміі” – за паклёп на пракурора

Ацаніць гэты матэрыял
(10 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Тры гады абмежаваньня свабоды з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – такі вырак быў агучаны 20 траўня ў дачыненьні віцебскага “доктара-праўдаруба” Ігара Пастнова. Яго прызналі вінаватым у паклёпе на пракурора гораду Віцебску Юрыя Раманоўскага. Прысуд не набыў пакуль законнай сілы.

Суд Бешанковіцкага раёну пад старшынёўствам судзьдзі Натальлі Рошчынай прызнаў вінаватым Ігара Пастнова “ў распаўсюдзе заведама ілжывых выдумак, якія ганьбяць іншую асобу (паклёп), разьмешчаных у глябальнай сетцы Інтэрнэт”, і на падставе ч.2 арт. 188 КК Рэспублікі Беларусь пакараў яго абмежаваньнем свабоды на 3 гады з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Паводле выраку суду, выпраўленьне абвінавачанага “магчымае толькі шляхам ускладаньня абавязкаў, якія абмяжуюць ягоную свабоду ва ўмовах ажыцьцяўленьня за ім нагляду”.

“Іншыя віды пакараньняў для абвінавачанага неэфэктыўныя”, – гаворыцца ў прысудзе.

Нагадаем, што паседжаньні выязнога суду Бешанковіцкага раёну адбываліся ў Віцебску і праходзілі ў закрытым рэжыме.

Ад самага пачатку абвінавачанымі па справе аб паклёпе на пракурора Раманоўскага праходзілі два віцябляніна – Ігар Пастноў і Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард, але пазьней іх вытворчасьці разьдзялілі.

Павал Левінаў: Гэты прысуд – несправядлівы

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў лічыць прысуд Пастнову несправядлівым.

“Лічу, што наогул не павінна быць крымінальнай адказнасьці за абразу альбо паклёп. Гэта проста нонсэнс! А казаць пра тое, даказаная тут віна Пастнова ці не, таксама немагчыма, таму што, зь незразумелых прычынаў, судовае паседжаньне праходзіла ў закрытым рэжыме”, – мяркуе Левінаў.

“Між тым, маніторынг паказаў, што асоба, якую абразілі і на якую ўзьвялі паклёп, у судзе практычна не зьяўлялася і ніякіх паказаньняў у судзе не давала. Прысуд быў збольшага абгрунтаваны на матэрыялах дасудовага сьледзтва. А казаць пра нейкае спаборніцтва бакоў у працэсе, калі аднаго боку не было, а другі бок судзьдзя выдаліла да канца разбору з залі паседжаньня, проста не выпадае. Таму – гэта поўная вакханалія ўладаў, у тым ліку судовай сыстэмы”, – дадаў праваабаронца.

Зьміцер Міраш