Аўторак, 30 Красавік 2019

Суд прызнаў, што Полацкі райвыканкам парушыў правы грамадзяніна на стварэньне арганізацыі

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Мікола Шарах Мікола Шарах

29 красавіка ў Эканамічным судзе Віцебскай вобласьці прайшло слуханьне справы па заяве полацкага актывіста Міколы Шараха аб прызнаньні незаконнымі дзеяньняў чыноўнікаў Полацкага райвыканкаму, якія адмовіліся зарэгістраваць  прыватную ўстанову “Адвакацыя”. Суд стаў на бок грамадзяніна.

Чаму адмовілі ў рэгістрацыі

20 ліпеня 2018 году жыхар Полацку Мікола Шарах зьвярнуўся ў Полацкі райвыканкам па рэгістрацыю прыватнай установы “Цэнтар інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна ўразьлівых групаў насельніцтва “Адвакацыя”. Працэдура рэгістрацыі простая: атрыманьне дазволу адбываецца па заяве. На сайце Міністэрства юстыцыі ёсьць пералік усіх неабходных для гэтага дакумэнтаў. Ад заяўніка патрабуецца толькі распрацаваць уласны статут. Зазвычай пытаньне рэгістрацыі вырашаецца цягам аднаго-двух дзён.

“Статут распрацаваў, усе неабходныя дакумэнты сабраў, узгадніў назву і накіраваўся ў выканкам. У выканкаме параілі прыходзіць па дазвол у панядзелак, бо ў пятніцу яны не пасьпяваюць. Прыйшоў у панядзелак забіраць пасьведчаньне аб рэгістрацыі, а мне кажуць, што заява напісаная з парушэньнямі заканадаўства – і ў  рэгістрацыі адмоўлена, – распавядае Мікола Шарах.

З такім рашэньнем заяўнік не пагадзіўся і зьвярнуўся да старшыні райвыканкаму па тлумачэньні. Канкрэтнага адказу не атрымаў, таму напісаў пісьмовы зварот. У атрыманым адказе паведамлялася, што ўсё законна. Са скаргай на рашэньне Полацкага райвыканкаму зьвярнуўся ў аблвыканкам. Аблвыканкам параіў шукаць праўду ў судзе.

Як узьніклі праблемы зь юрыдычным адрасам

Судовыя слуханьні прайшлі без удзелу прадстаўніка Полацкага райвыканкаму, хаця на папярэдніх слуханьнях ён прысутнічаў. Справу разглядала судзьдзя Ірына Кавалёва.

Зь пісьмовага тлумачэньня прадстаўніка райвыканкаму вынікала, што адмова ў рэгістрацыі адбылася ў выніку вуснага звароту прадстаўніка таварыства з абмежаванай адказнасьцю “ЮТЭК-Бел” аб адмове ў прадастаўленьні Міколу Шараху юрыдычнага адрасу для ўстановы, якая рэгіструецца.

Як патлумачыў суду Мікола Шарах, у адпаведнасьці з “Палажэньнем аб дзяржрэгістрацыі”, не зарэгістраваць установу могуць толькі тады, калі заяўнік не падаў усе неабходныя зьвесткі ці аформіў заявы з парушэньнем патрабаваньняў заканадаўства. На 20 ліпеня ніякіх прэтэнзіяў да яго орган, які ажыцьцяўляе рэгістрацыю, не прад’яўляў, законных падставаў для нерэгістрацыі не было.

Пасьля адмовы ў рэгістрацыі, мяркуючы, што праблемы маглі быць зьвязаныя з юрыдычным адрасам, ён зьвярнуўся па тлумачэньне ў ТАА “ЮТЭК-Бел”. У пісьмовым адказе прадстаўнік таварыства, які афармляў гарантыйны ліст, запэўніў, што ліст яны не адклікалі і да іх з такой просьбай ніхто не зьвяртаўся. Праўда, ужо 9 жніўня ў дасланым лісьце паведамлялася, што ў сувязі з вытворчай неабходнасьцю “ЮТЭК-Бел” адмаўляе Міколу Шараху ў прадастаўленьні юрыдычнага адрасу. Акурат у гэты дзень Шарах быў на прыёме ў райвыканкаме, і там яму канкрэтную прычыну адмовы патлумачыць ня здолелі.

Суд: адмова ў рэгістрацыі – незаконная

Напрыканцы судовых слуханьняў Мікола Шарах нагадаў, што дзейнасьць мясцовых органаў улады мусіць быць скіраваная на паляпшэньне жыцьця і пашырэньне дадатковых відаў паслугаў для жыхароў таго рэгіёну, якім яны кіруюць. На яго погляд, на дадзены момант даступнасьць да камэрцыйных паслугаў абмежаваная нізкім матэрыяльным узроўнем жыцьця. Найперш гэта тычыцца неабароненых групаў насельніцтва: людзей з інваліднасьцю, пэнсіянэраў, шматдзетных сем’яў.

“Магчымасьць аказаньня бясплатных паслугаў абмежаваная (студэнцкія і валянтэрскія  арганізацыі, Чырвоны Крыж), таму мясцовыя органы ўлады мусяць спрыяць ініцыятыве грамадзянаў у дадзеным кірунку. Я доўгі час займаўся прафсаюзнай дзейнасьцю, маю юрыдычную адукацыю, жаданьне і магчымасьць аказваць прававыя паслугі, бо разумею, як важна для чалавека атрымліваць хаця б мінімальныя магчымасьці для абароны сваіх правоў і інтарэсаў”, – тлумачыў у судзе Мікола Шарах.  

Пасьля вывучэньня ўсіх матэрыялаў справы суд прызнаў незаконным адмову Полацкага райвыканкаму ў рэгістрацыі «Цэнтру інфармацыйна-прававой падтрымкі «Адвакацыя». Полацкі райвыканкам парушыў правы грамадзяніна на стварэньне арганізацыі.

Шарах: Яны зноў змогуць спаслацца на ўяўнае парушэньне

Мікола Шарах кажа, што ўражаньне ад судовай пастановы дваістае:

“З аднаго боку, тое, што рашэньне прынятае на маю карысьць і суд падтрымаў грамадзяніна, – гэта добры знак. Хаця і прыняць іншае рашэньне ў дадзенай сытуацыі было б складана.

З другога боку, судовае рашэньне нейкай рэальнай моцы само па сабе ня мае. Яно толькі засьведчыла, што правы грамадзяніна органамі ўлады былі парушаныя. Цяпер працэдуру рэгістрацыі трэба праходзіць нанова. Выканкам спаслаўся на парушэньне пры складаньні заявы. Але скласьці новую заяву нейкім іншым чынам – немагчыма, і яны зноў змогуць спаслацца на ўяўнае парушэньне. І зноў прыйдзецца хадзіць па тым жа самым коле”.

С. Горкі