Серада, 23 Верасень 2015

Дзяржава кампэнсуе маральную шкоду актывісту Пятру Іванову

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Актывіст Пётар Іваноў зь Віцебску дамогся частковага задавальненьня свайго пазову да казны Рэспублікі Беларусь. Дзяржава абавязаная выплаціць яму кампэнсацыю прычыненай маральнай шкоды ў памеры 25 000 000 рублёў. Такое рашэньне вынес суд Кастрычніцкага раёна Віцебску пад старшынствам намесьніка старшыні суду Алены Папковай.

Прычынай падачы пазову актывістам былі шматгадовы перасьлед з боку мясцовых уладаў і праваахоўных органаў. Сярод такіх фактаў, на якія Пётар Іваноў спасылаўся ў сваім пазове, складаньне адміністрацыйнага пратаколу за агітацыйны пікет на выбарах 2010 году, затрыманьне за распаўсюд улётак з заклікам падтрымаць зьняволенага віцебскага апазыцыянэра ў судзе і наступнае надуманае абвінавачаньне ў нецэнзурнай лаянцы, штрафы за тое, што ён, на думку кіраўніцтва ДАІ, выклаў недакладныя факты ў скарзе на парушэньне кіроўцам міліцэйскага аўтамабіля правілаў дарожнага руху і не падпарадкаваўся супрацоўнікам міліцыі, якія гвалтоўна цягнулі яго ў суд за лжэсьведчаньні.

Пасьля апошніх падзеяў супраць Пятра Іванова распачалі крымінальную справу за нібыта абразу супрацоўнікаў міліцыі. Таксама актывіст атрымліваў пагрозы аб дэпартацыі, якія паступалі на ягоны адрас зь мясцовага Аддзелу грамадзянства і міграцыі. У 2013 годзе ён накіроўваў скаргу на дзеяньні службовых асоб дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь на адрас спадарыні Маргарэт Сэкаг’і, спэцдакладчыка Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па пытаньні аб сытуацыі з праваабаронцамі.

Сам Пётар Іваноў да ўступленьня рашэньня суду ў законную сілу, падаў у той жа суд заяву, у якой сфармуляваў сваю пазыцыю ў адносінах да вынесенага судовага рашэньня.

«З рашэньнем суду аб памеры спагнаньня сродкаў цалкам ня згодны, знаходжу яго шматразова і беспадстаўна зьніжаным, відавочна неадпаведным рэальнаму памеру маральнай шкоды, прычыненай злачынным перасьледам дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь загадзя невінаватага грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі па сфабрыкаванай крымінальнай справе. У пададзеным пазове мінімальны памер маральнай шкоды, які быў мне рэальна нанесены незаконнымі дзеяньнямі органаў крымінальнага перасьледу ў пэрыяд з 2007 г. па 2012 г., паказаны дакладна і абгрунтавана. Ён і павінен быць кампэнсаваны. Названае рашэньне суду на гэтай справе мной абскарджаны ня будзе толькі таму, што ўсе органы дзяржаўнай улады, уключаючы ўладу судовую, зьяўляюцца нелегітымнымі, законы ня дзейнічаюць, няма незалежнага і бесстароньняга суду. Выразна ўсьведамляю, што ў такіх умовах дамагчыся поўнага пакрыцьця рэальна прычыненай маральнай шкоды на гэтай справе абсалютна немагчыма і нават неімаверна».

У існуючых абставінах судзьдзя А. Папкова была вымушаная накіраваць выканаўчы ліст у дачыненьні да казны Рэспублікі Беларусь у аддзел прымусовага выкананьня Маскоўскага раёну Менску для выкананьня паводле тэрытарыяльнасьці. Адтуль выканаўчы ліст у дачыненьні да Міністэрства фінансаў РБ аб спагнаньні сумы ў рахунак матэрыяльнага пакрыцьця маральнай шкоды ў памеры 25 000 000 рублёў на карысьць Іванова Пятра паступіў у фінансавае ўпраўленьне Віцебскага гарвыканкаму для належнага выкананьня.

Першапачаткова сума, якую запрасіў Пётар Іваноў, была ў разы большая за атрыманую ім кампэнсацыю і складала 7.715.833.000 рублёў.

Нагадаем, жыхар Віцебску Пётар Іваноў, грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі, прадстаўнік партыі "Единая Россия" і актывіст кампаніі "Гавары праўду" не аднойчы падвяргаўся перасьледам з боку ўладаў. У пэрыяд з 2007 па 2014 гады ён быў некалькі разоў затрыманы за сваю грамадзкую дзейнасьць. А ў 2013 годзе ў дачыненьні да яго была заведзеная крымінальная справа пасьля спробаў даказаць, што супрацоўнікі ДАІ парушылі правілы дарожнага руху. Пасьля шматгадовага ціску актывіст вырашыў дамагацца атрыманьня маральнай кампэнсацыі ад дзяржавы.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"