Серада, 26 Верасень 2018

Віцебскім актывісткам БХД не ўдалося абараніць свае правы і ў абласным судзе

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Тацяна Севярынец, Ірына Захарава Тацяна Севярынец, Ірына Захарава

Судзьдзя Віцебскага абласнога суду Сьвятлана Іванова 26 верасьня разгледзела касацыйныя скаргі актывістак аргкамітэту «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Ірыны Захаравай і Тацяны Севярынец на пастановы суду Першамайскага раёну Віцебску. За ўдзел у пікетаваньні рэстарацыі «Паедзем паядзім» 5 верасьня кожную з грамадзянак аштрафавалі на 13 базавых велічыняў (318,5 рубля).

Згодна з матэрыяламі справы, 8 жніўня Ірына Захарава ўзяла ўдзел у недазволеным пікетаваньні на тэрыторыі Менскага раёну. І Першамайскі райсуд у асобе судзьдзі Міхаіла Юрчанкі палічыў, што сваімі дзеяньнямі актывістка парушыла парадак арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 КаАП).

У сваёй скарзе ў абласны суд Ірына Захарава не прызнала сябе вінаватай і адзначыла, што было парушана ейнае права на абарону ў судзе.

Адстойваючы сваю пазыцыю, актывістка БХД дадала, што судовае рашэньне парушае 21-ы артыкул Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох і 35-ы артыкул Канстытуцыі, якія гарантуюць ёй свабоду сходаў, мітынгаў, дэманстрацыяў і пікетаваньняў. Зважыла яна і на тую акалічнасьць, што знаходзілася не на тэрыторыі рэстарацыі «Паедзем паядзім», а мірна і ціха стаяла на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу «Курапаты» зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Далей Ірына Захарава засяродзілася на маральным аспэкце справы:

– Я каля трыццаці гадоў пражываю ў Віцебску, і Беларусь стала маёй другой Радзімай. У сваім жыцьці я прайшла праз выгнаньне армян з Баку і землятрус ў Армэніі. І сёньня я лічу сваім грамадзянскім абавязкам быць салідарнай з беларусамі ва ўшанаваньні памяці нявінна забітых за часамі сталінскіх рэпрэсіяў. А гэта ня толькі Курапаты! Гэта і віцебскія Хайсы, і аршанскія Кабылякі, і шмат якія іншыя месцы па ўсёй Беларусі.

Я думаю, што мой учынак стане прыкладам для іншых жыхароў краіны. І ня важна, якой ты нацыянальнасьці; галоўнае, што гэта зьяўляецца нашым агульным болем.

Рашэньне судзьдзі Сьвятланы Івановай было прадказальным: яна пакінула пастанову раённага суду бяз зьменаў, а скаргу спадарыні Ірыны без задавальненьня.

Наступнай разглядалася скарга Тацяны Севярынец. Актывістка напачатку выказала недавер як да судзьдзі Івановай, гэтак і да ўсёй судовай сыстэмы ў краіне. Сваю пазыцыю яна патлумачыла ў тым ліку і фармальным стаўленьнем судзьдзі да разгляду першай справы.

Затым спадарыня Тацяна паведаміла, што ў жніўні Камітэт па правох чалавека ААН даслаў ёй сваё рашэньне наконт скаргі па аналягічнай справе сямігадовай даўніны, згодна зь якім беларуская дзяржава парушыла ейнае права на свабоду слова і мірныя сходы. Скаржніца падкрэсьліла, што дзяржаўныя органы вымушаныя будуць ранейшыя прысуды адмяніць, а штрафы кампэнсаваць. Далучыць да справы прадстаўленае Тацянай рашэньне Камітэту па правах чалавека ААН судзьдзя С. Іванова адмовілася.

– Не зважаючы на тое, што Рэспубліка Беларусь зьяўляецца сябрам ААН і абавязаная прытрымлівацца пастановаў арганізацыі, я ведаю, што дзяржаўныя органы не зьбіраюцца іх выконваць, што яны плююць на агульнапрынятыя прававыя нормы, – адрэагавала грамадзкая актывістка.

Той факт, што пра судовы працэс скаржніцы даведаліся напярэдадні і ня мелі дастаткова часу, каб зьвярнуцца да адваката ці нават грунтоўна падрыхтавацца, Тацяна Севярынец расцаніла як дэградацыю цяперашняй судовай сыстэмы, якая мае выключна рэпрэсіўны характар.

Перад тым як вынесьці канчатковае рашэньне, судзьдзя Іванова зь цікавасьцю выслухала расказаную спадарыняй Тацянай гісторыю правапарушэньняў падчас будаўніцтва ў ахоўнай зоне Курапатаў сумнавядомай рэстарацыі. Але ні гэтая гісторыя, ні довады скаржніцы на канчатковае рашэньне не паўплывалі. Аргумэнтацыя простая: па дазвол на пікетаваньне не зьвярталіся – значыць парушылі заканадаўства. Як той казаў, без паперы няма веры.

Скаргу Тацяны Севярынец судзьдзя не задаволіла, а рашэньне Першамайскага райсуду Віцебску пакінула ў сіле.

С. Горкі