Аўторак, 18 Верасень 2018

Старшыня Віцебскага аблсуду адмяніў рашэньне аб пакараньні актывіста за Дзень Волі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Мікола Качурэц Мікола Качурэц Фота: Зьміцер Міраш, https://vitebskspring.org

Разгледзеўшы ў парадку нагляду скаргу віцебскага актывіста Міколы Качурца на рашэньне судзьдзі Ўладзімера Царыкава (суд Кастрычніцкага раёну Віцебску) ад 26 сакавіка 2018 году, старшыня абласнога суду Мікалай Хамічонак пастанавіў гэтае рашэньне скасаваць. Справа аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да актывіста будзе накіраваная на новы разгляд.

Кіраўнік судовай улады вобласьці адмяніў пастанову ня толькі раённага суду, але і абласнога – туды актывіст накіроўваў скаргу на рашэньне суду першай інстанцыі, якую судзьдзя Ірына Смалякова не задаволіла.

25 сакавіка 2018 году, каб адзначыць чарговую гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, Мікола Качурэц выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам да помніка князю Альгерду ў Віцебску. Яго затрымалі і зьмясьцілі ў ІЧУ да суду, які адбыўся ў наступны дзень. Згодна з адмененым цяпер судовым рашэньнем, актывіст быў прызнаны правапарушальнікам у адпаведнасьці з артыкулам 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства) і артыкулам 23.4 (непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы) КаАП ды пакараны штрафам у 30 базавых велічынь (735 рублёў). Апроч таго, было пастаноўлена канфіскаваць бел-чырвона-белы сьцяг.

Тлумачачы сваё рашэньне, Мікалай Хамічонак адзначыў, што «судовымі інстанцыямі не прыведзена ў судовых пастановах доказаў і ня дадзена належнай ацэнкі, у чым палягала арганізацыя Качурцом незаконнага масавага мерапрыемства», таму «выснова суду аб даказанасьці вінаватасьці Качурца паводле ч. 2 арт. 23.34 каАП зьяўляецца заўчаснай», а значыць, «пастанова падлягае адмене цалкам».

Згодна з суправаджальным лістом, копія пастановы старшыні Віцебскага абласнога суду была накіраваная ня толькі актывісту, але ў Кастрычніцкі РАУС. Відаць, міліцыянты нешта ня так напісалі ў складзеных супраць Качурца паперах, бо ў сваёй пастанове спадар Хамічонак асобна адзначыў: «Суду неабходна праверыць захаваньне органам, якое вядзе адміністрацыйны працэс, патрабаваньняў да зьместу пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях у частцы кваліфікацыі учынку, які пацьвярджаецца сабранымі па справе доказамі».

Хаця адміністрацыйнае спагнаньне ў дачыненьні да актывіста адмененае, гэта не дае нагоды актывісту сьвяткаваць перамогу. Мікола Качурэц прасіў старшыню аблсуду ня толькі адмяніць рашэньне суду, але і спыніць справу супраць яго. Паколькі ж справа ня спыненая, а толькі накіраваная на паўторны разгляд, зусім магчыма, што ён будзе нанова прызнаны правапарушальнікам і пакараны штрафам. Таксама невядома, які лёс напаткае раней адабраны ў актывіста бел-чырвона-белы сьцяг: ці яго вернуць актывісту, або зноў пастановяць канфіскаваць. 

Дарэчы, просьба аб спыненьні справы – не адзіная, якую не задаволіў старшыня абласнога суду. Сваю скаргу Мікола напісаў на беларускай мове і прасіў Хамічонка вырабіць сваю пастанову таксама па-беларуску. Той гэтую просьбу праігнараваў.

Кастусь Дзьвінскі