Серада, 14 Сакавік 2018

Ганна Канапацкая дала ў Віцебску старт кампаніі за зьмены ў артыкул 328 КК РБ

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Ганна Канапацкая падчас сустрэчы ў Віцебску Ганна Канапацкая падчас сустрэчы ў Віцебску

У Віцебску стартавала кампанія па зборы подпісаў за рэфармаваньне судовай сыстэмы і зьмены у артыкуле 328 КК РБ (незаконны абарот наркатычных рэчываў). Пачатак кампаніі быў абвешчаны падчас круглага стала, які адбыўся ў Віцебску з удзелам дэпутаткі ПП РБ Ганны Канапацкай і сваякоў асуджаных паводле “антынаркатычнага” артыкулу.

У сустрэчы ўзялі таксама ўдзел сустаршыні Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і Вольга Кавалькова (яна ж – памочніца Ганны Канапацкай), якія зь 2016 году супрацоўнічаюць з “Матчыным Рухам 328”.

Зараз на беларускіх “зонах” адбываюць тэрміны пакараньня (у сярэднім – 8 гадоў) каля 15 тысяч асуджаных па арт. 328 КК. Калі паслухаць гісторыі маці і сваякоў асуджаных паводле гэтага артыкулу (як вяліся сьледзтвы і праходзілі судовыя працэсы) – працінаюць дрыжыкі. Пра тое, што праваахоўная сыстэма змагаецца зараз з дробнымі спажыўцамі, а не з наркабаронамі, прызнаў нядаўна і Лукашэнка. Але пакуль што гэта толькі словы.

Рымашэўскі: Паказаць, што нас шмат

Ці існуе мэханізм, празь які магчыма пераканаць улады пайсьці на ўнясеньне зьменаў у артыкул 328 і рэфармаваньне ўсёй судовай сыстэмы? Так, запэўнівае Віталь Рымашэўскі.

 Віталь Рымашэўскі выступае перад віцяблянамі

“Гэты мэханізм – паказаць, што праблема тычыцца вялізнай колькасьці людзей і што гэтыя людзі гатовыя змагацца за яе вырашэньне. Паказаць усім!” – кажа палітык. Як станоўчыя прыклады таго, што такі мэханізм працуе, прыводзіць кампанію супраць сумна вядомага дэкрэту аб дармаедзтве і грамадзкі пратэст супраць беззаконнасьці ў беларускім войску пасьля сьмерці шарагоўца Коржыча ў Пячах.

Каб паказаць, што праблема-328 тычыцца дзясятак тысяч людзей у краіне, і пачынаецца збор подпісаў за рэфармаваньне судовай і праваахоўнай сыстэм. “Бо калі прыходзіш да міністра са стосам лістоў у 20 тысяч подпісаў, стаўленьне зусім іншае”, – пацьвярджае Вольга Кавалькова.

Ганна Канапацкая: Сядзяць пешкі, а тузы застаюцца ў гульні

Вялікая колькасьць подпісаў будзе таксама важкім аргумэнтам, калі праект зьменаў у заканадаўства патрапіць нарэшце ў беларускі парлямэнт. Як паведаміла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, гэта можа здарыцца ўжо падчас вясеньняй сэсіі (2 красавіка – 26 чэрвеня). Паводле словаў дэпутаткі, законапраект ужо накіраваны ў дзяржаўныя органы для абмеркаваньня.

 Ганна Канапацкая ў Віцебску 

“Чаму мне гэтая тэма блізкая і чаму я падтрымліваю кампанію? Таму што я таксама маці дваіх дзяцей, і я не хачу, каб гэтая праблема іх закранула. Мяне вельмі непакоіць, што ў турмах сядзяць дзеці, сядзяць пешкі, а тузы застаюцца ў гульні. Сядзяць дзеці, якія ў 16-18 гадоў зрабілі памылку. І гэта жахліва, калі за адну памылку іх кідаюць на 10-15 гадоў у турму. Нашы дзеці не павінны быць пешкамі ў чужой гульні атрыманьня зорачак, прэмій і пагонаў”, – сьцьвердзіла Канапацкая.

“Адчуваем нейкае разуменьне”

“Калі я падняла праблему ў Палаце прадстаўнікоў, да нас далучыліся іншыя дэпутаты. На сваім узроўні мы маем зараз стасункі і з МУС, і з СК, і з Генпракуратурай. І, што важна, адчуваем ужо нейкае разуменьне. Але яшчэ больш важна цяпер, каб усё гэта не засталося на ўзроўні абяцаньняў. Таму я прашу вас: калі ласка, не апускайце рукі”, – заклікала Ганна Канапацкая.

 Падчас сустрэчы ў Віцебску

“Я разумею, што гэта на ўзроўні цуду, але каб удалося падняць усіх бацькоў асуджаных па гэтым артыкуле, то, паверце мне, Канапацкая нават законапраект не пасьпее падаць, як адным чалавекам будзе прыняты дэкрэт аб памілаваньні паловы людзей. І гэта рэальна! Давайце проста зробім тое, што мы можам, а там паглядзім”, – падтрымаў дэпутатку Віталь Рымашэўскі.

Падчас сустрэчы ў Віцебску было вырашана таксама ў межах кампаніі зладзіць круглы стол з удзелам мясцовых уладаў (папярэдне – праз месяц), на якім будзе прысутнічаць і Ганна Канапацкая.

Якія зьмены ў арт. 328 КК РБ прадугледжвае законапраект

Як расказала Вольга Кавалькова, прапанова па мадэрнізацыі судовай сыстэмы Рэспублікі Беларусь утрымлівае 14 пунктаў, якія тычацца зьменаў у 328-ы артыкул Крымінальнага Кодэксу.

Вольга Кавалькова расказвае аб законапраекце

Прапануецца, напрыклад, рэгуляваць крымінальную адказнасьць за незаконны абарот наркатычных сродкаў рознымі артыкуламі – для спажыўцоў (328) і для вытворцаў і наркагандляроў (328.1). Яшчэ адна прапанова тычыцца таго, каб незаконнае набыцьцё, захоўваньне і перавозка рэчываў бяз мэтаў збыту ў невялікіх памерах ня мела прыкметаў крымінальнага дзеяньня, а вінаватыя маглі прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасьці.

Прапануецца таксама разглядаць злачынныя дзеяньні згодна зь іх цяжкасьцю і кваліфікаваць яе паводле частак артыкулу: ч.1 – зьдзейсьненае ў значным памеры; ч.2 – у буйным памеры; ч.3 – у асабліва буйным памеры.

“Злачынныя дзеяньні за незаконны абарот наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў мусяць быць падзелены законам па цяжкасьці зьдзяйсьненьня і мець пакараньне, сувымернае дзеяньню”, - яшчэ адна прапанова. Ёсьць таксама патрабаваньне, каб суды пільна і ўсебакова правяралі заявы падсудных аб незаконных мэтадах вядзеньня сьледзтва.

“Рэальным выглядае і перагляд справаў”

Віталь Рымашэўскі мяркуе, што найбольш рэальна дабіцца перагляду крымінальнага кодэксу ў бок зьмякчэньня пакараньняў для тых, хто прыцягваецца да адказнасьці ўпершыню, а таксама ўвядзеньня градацыі колькасьці наркатычных сродкаў.

 “Тэарэтычна рэальным выглядае і перагляд справаў. І такое рашэньне можа быць прынятае за адну ноч – воляй аднаго чалавека, самі ведаеце каго. І наша задача зараз, каб гэтая воля была праяўленая. Нам трэба паказаць, што гэта такая ж памылка, як і дэкрэт аб дармаедзтве. І гэта залежыць ад масавасьці нашай кампаніі”, – зазначыў напрыканцы сустрэчы Віталь Рымашэўскі.  

Наогул жа, законапраект рэформы судовай сыстэмы Беларусі прадугледжвае выбарнасьць судзьдзяў, разьвіцьцё спэцыялізацыі судоў і судзьдзяў, увядзеньне суду прысяжных засядацеляў, стварэньне сыстэмы апэляцыйных і касацыйных судоў. Маецца прапанова, каб Канстытуцыйны суд выбіраўся парлямэнтам, а адвакатура атрымала статус самакіраванай арганізацыі. Праект сьцьвярджае неабходнасьць рэфармаваньня пэнітэнцыярнай сыстэмы з улікам міжнародных стандартаў.

Зьміцер Міраш, фота аўтара

2 камэнтары