Пятніца, 26 Студзень 2018

У Віцебску абвясьцілі прысуд Пятру Іванову: больш за 2 тысячы рублёў штрафу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Пётар Іваноў адразу пасьля вызваленьня з-пад варты Пётар Іваноў адразу пасьля вызваленьня з-пад варты

У Кастрычніцкім судзе Віцебску 26 студзеня агучылі прысуд віцебскаму актывісту Пятру Іванову. Суд прызнаў яго вінаватым у зьдзяйсьненьні гвалту ў дачыненьні да службовай асобы падчас выкананьня той службовых абавязкаў (ч.1 арт. 366 КК РБ) і пакараў штрафам памерам 85 базавых велічынь. Іваноў быў вызвалены з-пад варты ў залі суду.

Зазначым, што дзяржабвінаваўца прасіла прысудзіць Іванову штраф памерам 300 б.в. Але з улікам тэрміну, праведзенага Івановым ў СІЗА, зьнізіла патрабаваны штраф да 100 б.в. Суд у выніку “скасьціў” пакараньне да 85 б.в. штрафу.

Паводле арт. 366 КК РБ Іванову пагражала да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

На волі пасьля 108 дзён у СІЗА

Нагадаем, што Пётар Іваноў правёў у сьледчым ізалятары больш за 100 дзён, 37 зь якіх - у карцэры. Падчас судовых паседжаньняў ён неаднойчы заяўляў пра катаваньні і гвалт, якія чынілі над ім супрацоўнікі сьледчага ізалятару. Але, як зазначаецца ў прысудзе, факты ўціску былі абвергнутыя праведзенай праверкай. Ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па гэтых фактах Іванову было адмоўлена.

Адразу пасьля прысуду. Пётар Іваноў паказвае скібу хлеба, якую хацеў перадаць пракурору... 

Адразу пасьля абвяшчэньня выраку Пётар Іваноў заявіў, што не разумее прысуду і лічыць яго злачынным.

Ужо вызвалены з-пад варты, актывіст паведаміў, што ня згодны з прысудам, але “абскарджваць яго ў клясычным варыянце ня мае сэнсу, бо гэтае беззаконьне ідзе зьверху ўніз”.

На пытаньне пра стан здароўя адказаў: “Дагэтуль кульгаю. Першую траўму нагі мне прычынілі 7 сьнежня, пасьля чаго яна пасінела. Гэта бачыў і мой адвакат, хоць адваката ў мяне не было, і вы ведаеце пра гэта. А 12-га мяне зьбілі. Хаджу, кульгаю. Але ўжо лягчэй хадзіць”.

Праваабаронца: прысуд мае абвінаваўчы ўхіл

Як мяркуе віцебскі праваабаронца Павал Левінаў прысуд мае абвінаваўчы ўхіл, бо грунтаваўся найперш на паказаньнях сьведкаў з боку абвінавачаньня. Між тым, сьведчаньні з боку абароны былі ігнараваныя ці ўлічваліся толькі часткова.

На думку Левінава, гэты прысуд не здымае напружанасьці.

“Мне не зразумелая лёгіка прысуду. Гэтыя так званыя цялесныя пашкоджаньні сталіся вынікам таго, што Іваноў нібыта не заплаціў дзяржпошліну ў памеры 55 рублёў, гэта крыху больш за дзьве базавыя велічыні. Праз гэта актывіст звых 3-х месяцаў утрымліваўся ў СІЗА. І замест таго, каб, прызнаўшы яго вінаватым, прыраўнаваць пакараньне з адбытым у СІЗА тэрмінам, суд зьмяняе меру адказнасьці і дае штраф у памеры 85 б.в. Калі мінулым разам кошт пытаньня быў усяго 2 дзьве б.в. і вось да чаго гэта прывяло, то што будзе пры 85-ці б.в.? Я думаю, што гэтае вогнішча не было пагашанае цалкам і можа зноў разгарэцца…” – сказаў Павал Левінаў.

Нагадаем, асноўным доказам вінаватасьці Іванова на судзе быў нязначны сіняк (“ссадина”) на запясьці рукі пацярпелай (судовай выканаўцы). Гэтае пашкоджаньне, паводле сьледчых, сталася вынікам гвалту, што ўчыніў у дачыненьні да пацярпелай Пётар Іваноў, выганяючы яе са свайго дому. Актывіст сваёй віны не прызнаваў.     

Зьміцер Міраш