Серада, 12 Ліпень 2017

Вырак англічаніну Алану Сьміту – 2 гады зьняволеньня

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алан Сьміт Алан Сьміт

11 ліпеня ў судзе Глыбокага завяршыўся разбор крымінальнай справы пра незаконную міграцыю, у арганізацыі якой абвінавачваліся грамадзянін Вялікай Брытаніі Алан Сьміт і двое грамадзян Беларусі. Судзьдзя перакваліфікаваў абвінавачаньне ў дачыненьні да англічаніна з часткі 2 артыкулу 371¹ КК на больш мяккую частку 1 і прысудзіў яго да двух гадоў зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму.

Дзеяньні беларускіх грамадзянаў былі прызнаныя злачынствам у адпаведнасьці з часткай 2 згаданага артыкулу. Вэрдыкт, вынесены у дачыненьні да іх: Арсень Рачкоўскі – 3 гады 7 месяцаў, строгі рэжым; Вольга Грахоўская – 3 гады 1 месяц, агульны рэжым.

Частка 1 артыкулу 371¹ Крымінальнага кодэксу прадугледжвае адказнасьць за арганізацыю незаконнай міграцыі, частка 2 – адказнасьць за тыя самыя дзеяньні, калі яны, апроч іншага, зьдзяйсьняліся групай асобаў па папярэдняй змове.

Прысуд выклікаў абурэньне Алана Сьміта. Ён заявіў у залі суду, што гэты прысуд ёсьць несправядлівым і незаконным, і ён будзе яго абскарджваць. Грамадзянін Вялікай Брытаніі сказаў, што яго правы шматразова парушаліся, і што ён ні ў чым не вінаваты. Бок абароны паведаміў, што ён таксама мяркуе, што маюцца вельмі важкія падставы для падачы апэляцыйнай скаргі. 

У сваю чаргу і прадстаўнік пракуратуры выказаў незадаволенасьць выракам суду ды паведаміў, што не выключае магчымасьці прынясеньня апэляцыйнага пратэсту ў сувязі зь мяккасьцю прызначанага абвінавачаным пакараньня. Раней пракурор прасіў у судзе 6 гадоў пазбаўленьня волі для Алана Сьміта, і па 5 гадоў – для Рачкоўскага і Грахоўскай.

Мы зьвярнуліся па камэнтар да Майкла Полака, адваката з Англіі, які добра знаёмы са справай.

«У справе быў дапушчаны шэраг парушэньняў. Так, спадара Сьміта змусілі падпісаць дакумэнты на расейскай мове, якой ён не разумее. Кансулят ня быў „неадкладна“ праінфармаваны пра яго затрыманьне, што супярэчыць забавязаньням Беларусі ў дачыненьні да Вялікай Брытаніі ў адпаведнасьці зь Венскай канвэнцыяй аб консульскіх зносінах 1963 году. Важным сьведкам далі магчымасьць зьехаць зь Беларусі бяз дачы паказаньняў», – распавёў Майкл Полак.

Нагадаем, фігуранты справы былі затрыманыя напрыканцы верасьня 2016 году. Сьледзтва абвінаваціла іх у арганізацыі спробы незаконнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу шасьцярых грамадзянаў Іраку. Самі іракцы, затрыманыя ў прымежнай зоне, былі дэпартаваныя зь Беларусі. Сьледчыя органы паведамлялі блізкім Алана Сьміта пра розныя месцы, дзе мусіць адбывацца суд: Браслаў, Віцебск. Урэшце судовы працэс распачаўся 25 траўня ў Глыбокім.

Кастусь Дзьвінскі