Панядзелак, 03 Ліпень 2017

Суд Глыбокага адклаў вынясеньне выраку абвінавачаным у незаконнай міграцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Алан Сьміт Алан Сьміт

29 чэрвеня ў Глыбокім працягнуўся судовы разгляд справы аб арганізацыі незаконнай міграцыі, у якой абвінавачваюць дваіх грамадзян Беларусі і англічаніна Алана Сьміта. Хоць на ранейшым судовым паседжаньні ўжо прагучала апошняе слова падсудных, вырак, абвяшчэньня якога чакалі, аб'яўлены ня быў. Судзьдзя заявіў пра новавыяўленыя акалічнасьці і вярнуў разбор справы на этап судовага сьледзтва.

Цягам дня ў судзе былі дадаткова дапытаныя двое чалавек. Затым паўторна адбыліся судовыя спрэчкі і (таксама паўторна) прагучала апошняе слова абвінавачаных.

Новаадкрыты факт, які змусіў судзьдзю вярнуцца назад, да стадыі вывучэньня доказаў, – выявілася, што ў матэрыялах справы некаторыя часткі пратаколаў допыту грамадзян Іраку, у спробе арганізацыі міграцыі якіх абвінавачваюцца падсудныя, не перакладзеныя на расейскую мову. Таму, каб ліквідаваць гэтую хібу сьледзтва, на якую чамусьці ня зважылі раней ані пракурор, ані судзьдзя, у суд былі выкліканыя двое перакладчыкаў з арабскай.

Абодва перакладчыкі, што паўсталі перад судом у Глыбокім, – грамадзяне Сырыі. Адзін зь іх – студэнт Віцебскага мэдычнага ўнівэрсытэту. Другі – нядаўні выпускнік гэтай самай навучальнай установы, які літаральна за 2 дні перад судовым паседжаньнем атрымаў дыплём.

Апроч уласна перакладу, судзьдзя адмыслова запытваўся ў мэдыкаў-перакладчыкаў, паказваючы ім нейкі фрагмэнт тэксту, напісаны кімсьці з іракцаў-мігрантаў: «Ці прыгожа тут напісана? Ці пісьменна?». – «Так, прыгожа, я сам такога каліграфічнага почырку ня маю», – адказаў судзьдзю адзін з сырыйцаў.

Прычыну, чаму судзьдзя задаваў гэткае і іншыя падобныя пытаньні, лёгка зразумець, калі згадаць, што бок абароны падчас судовых слуханьняў ня раз заяўляў на некарэктнасьць пратаколаў допытаў няўдалых мігрантаў з Іраку: бо яны курды, і іх трэба было дапытваць на курдзкай, якая ёсьць іх роднай мовай, а не на арабскай.

Сьцісла падаём дыялёг судзьдзі і аднаго зь перакладчыкаў: «Наколькі блізкія паміж сабою курдзкая і арабская?» – «Гэта зусім розныя мовы, не падобныя адна да адной. Гэта розныя моўныя групы». – «Ці размаўляюць курды па-арабску?» – «Так. Усе могуць размаўляць, бо вывучаюць 12 гадоў арабскую ў школе. Я сам з Курдыстану (у Сырыі – рэд.) – у нас усе курды размаўляюць па-арабску». – «А вы па-курдзку?» – «Крыху разумею. Але не размаўляю, бо я араб».

Дысананс у хаду судовага паседжаньня ўнёс другі перакладчык. Але яго паказаньні ў судзе выглядаюць найбольш вартымі ўвагі, бо менавіта ён быў раней афіцыйна прызначаным перакладчыкам падчас допыту ірацкіх грамадзянаў, і менавіта яго подпіс, што ён пераклаў усё правільна, стаіць у адпаведных пратаколах у матэрыялах справы. Дык вось, ён заявіў у судзе, што адна з жанчын у складзе групы іракцаў наогул не размаўляла і не разумела па-арабску.

«А як жа вы рабілі пераклад яе допыту, у пацьвярджэньне праўдзівасьці якога паставілі свой подпіс? Вы разумееце курдзкую?» – На гэтае пытаньне ў судзе перакладчык адказаў, што курдзкай ён не валодае наогул, а працэс допыту падчас сьледзтва адбываўся праз пасярэдніцтва аднаго з чальцоў гэтай самай групы мігрантаў – той, маўляў, рабіў прамежкавы арабска-курдзкі пераклад. Вядома, нідзе ў пратаколах не зафіксавана, што рабіўся падвойны пераклад, і няма ніякай паперы, што згаданы курд-іракец браў на сябе абавязкі перакладчыка з адпаведнай адказнасьцю. То бок у пратаколе допыту перакладчык расьпісаўся за праўдзівасьць перакладу словаў, якіх ён, фактычна, не разумеў.

Далей – болей. На пытаньне, ці ўсё ён разумеў у паказаньнях іракцаў, зробленых па-арабску, бо розныя дыялекты, перакладчык-сырыец адказаў, што разумеў «адсоткаў на 95». А на пытаньне, наколькі пісьменным ёсьць уласнаручны запіс у пратаколе допыту кагосьці з іракцаў, што «з маіх словаў запісана правільна», сказаў, што непісьменна – бачна, што для таго, хто пісаў, арабская мова – чужая.

Дамо слова адвакатцы Алана Сьміта, якая выступіла пасьля:

«Двое дапытаныя падчас судовага паседжаньня перакладчыкі пацьвердзілі тыя аргумэнты, якія прыводзіў бок абароны... Тое, што пратакол допыту Шахул Абдула Саліх зьяўляецца фальшывым. Так, цягам усяго судовага сьледзтва мой падабаронны шмат разоў заяўляў, што Шахул не гаворыць па-арабску, а толькі па-курдзку.

Апытаныя ж па справе сьведкі Гузенка і Сяржанаў у адзін голас сьцьвярджаюць, што Шахул разумела дадзенага ёй перакладчыка. А Гузенка нават падрабязна патлумачыў суду, што гэты перакладчык быў запрошаны зь Віцебску менавіта таму, што валодаў курдзкай мовай і мог перакладаць для Шахул.

Высокі суд, я зьвяртаю вашу ўвагу: супрацоўнік праваахоўных органаў сьвядома ўвёў суд у зман адносна акалічнасьцяў, што маюць значэньне для справы. Аднак цяпер нам вядомая сапраўдная карціна таго, што адбылося... Гэтае парушэньне нагэтулькі абуральнае, што... ставіць пад вялікае сумненьне ўвесь працэс афармленьня... грамадзян Іраку... Трэба было праявіць больш клопату пра праўдзівасьць доказаў, якія ў далейшым могуць вырашыць лёс чалавека...»

Вось жа, калі паўсталі сумненьні ў паказаньнях ключавых сьведак па справе, дык мо'  ёсьць нагода паставіць пад сумнеў усе высновы сьледзтва? Бо ці ня быў увесь працэс сьледзтва павярхоўным? Ці ня ёсьць слабай уся доказная база?

Кропку мусіць паставіць судзьдзя. Нагадаем, пракурор папрасіў для Алана Сьміта 6 гадоў пазбаўленьня волі. А для беларускіх грамадзян – па 5 гадоў. Падчас апошняга судовага паседжаньня дзяржаўны абвінаваўца паўтарыў сваю пазыцыю. Працяг суду (і абвяшчэньне выраку?) – 6 ліпеня.

Кастусь Дзьвінскі