Субота, 10 Снежань 2016

Суд над былым байцом спэцбатальёну «Азоў» пачынаецца ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У панядзелак, 12 сьнежня, у Віцебскім абласным судзе пачнуцца слуханьні справы па абвінавачваньні маладых людзей у асабліва злосным хуліганстве і распальваньні нацыянальнай варожасьці. У якасьці галоўнага абвінавачанага паўстане Станіслаў Ганчароў, хлопец 1996 году нараджэньня па мянушцы Тэрор-машына, які браў удзел у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны ў складзе спэцбатальёну «Азоў».

Станіслаў быў затрыманы 15 красавіка гэтага году ў горадзе Віцебску па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злоснага хуліганства. Яму было прад'яўленае абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. У прыватнасьці, яму інкрымінаваўся зьдзек з малалетніх падлеткаў, зьдзейсьнены ў Воршы ў кастрычніку 2013 году, які ён здымаў на відэа. Пра гэта па затрыманьні паведаміла прэс-служба Сьледчага камітэту Беларусі. Падчас затрыманьня ў яго былі канфіскаваныя ваенная форма батальёну «Азоў» і мэдалі «За доблесную службу» і «За мужнасьць».

Батальён асобага прызначэньня «Азоў» быў сфармаваны ў траўні 2014 году ў Кіеўскай вобласьці ўказам Міністра ўнутраных спраў Украіны Арсэна Авакава. Батальён браў актыўны ўдзел у супрацьстаяньні ў Марыюпалі. Паводле сьцьверджаньня прадстаўніка МУС Беларусі, Станіслаў ваяваў у 2014-2016 гадох на тэрыторыі Ўкраіны ў якасьці кулямётчыка і браў удзел у баёх пад Ілавайскам і Шырокінам, за што і атрымаў узнагароды, быў двойчы паранены. У батальёне ён меў пазыўны «Беларус». Сам Станіслаў заявіў, што ня ўдзелу ў баявых дзеяньнях ня браў, а быў толькі валянтэрам.

Характэрна, што праваахоўныя органы РБ перасьледуюць толькі байцоў, якія біліся на баку афіцыйных уладаў Украіны, удзельнікаў жа баявых дзеяньняў на баку так званых ЛНР і ДНР не чапаюць, а, наадварот, усяляк падтрымліваюць. Нагадаем хаця б скандалы, зьвязаныя зь вярбоўкай байцоў у «арміі» ЛНР і ДНР, якую ладзіла Віцебская епархія Праваслаўнай царквы пры поўнай бязьдзейнасьці КДБ і іншых афіцыйных органаў і работу вайскова-патрыятычнага клюбу «Спарта» зь Сянна, які адкрыта зьбіраў грошы на «апалчэнцаў» усходняй Украіны і заклікаў «біць укропаў».  

Акрамя Станіслава перад судом паўстануць яшчэ пяцёра маладзёнаў. Некаторых зь іх, акрамя ўсяго іншага, абвінавачваюць у распальваньні міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасьці, рабаваньні і іншых злачынствах. Судовае паседжаньне будзе мець закрыты характар, пра што афіцыйна паведаміў прадстаўнік Віцебскага абласнога суду.

Уладзімер Бяляўскі