Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 25 Сакавік 2013

Суд над Каваленкам адкладзены да 29 сакавіка

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Сяргей Каваленка Сяргей Каваленка

Актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленку затрымалі ўвечары 25 сакавіка. Ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Паводле актывіста, на яго склалі два пратаколы пра адміністрацыйнае парушэньне – спачатку за пераход вуліцы ў неналежным месцы, потым – за нецэнзурную лаянку. 26 сакавіка а 14:40 яго адпусьцілі з-пад варты ў будынку Першамайскага райсуду, выпісаўшы позву на наступнае судовае паседжаньне 29 сакавіка.

Жонка былога палітвязьня Алена: “Сяргея затрымалі ўчора ўвечары, прыкладна а 20:20. Быццам бы за тое, што ён пераходзіў дарогу у недазволеным месцы. На яго склалі пратакол за парушэньне правілаў дарожнага руху. Але ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Сёньня з ранку яго прывезьлі ў суд, дзе высьветлілася, што за парушэньне правілаў дарожнага руху на Сяргея накладзены штраф у памеры 450 тысяч рублёў, а судзіць яго трэба па іншым артыкуле адміністрацыйнага кодэксу — нецэнзурная лаянка у грамадзкім месцы”.

“Вядома, затрыманьне Сяргея — гэта ганебная правакацыя. Паводле вэрсіі міліцыянтаў ён мала што дарогу ня ў тым месцы пераходзіў, дык і ўголас пры гэтым матам лаяўся. Дзікунства! Дарэчы, пачатак адміністрацыйнага працэсу над Сяргеем доўга зацягвалі — нешта не ў парадку было з пратаколам, яго перапісвалі. Нягледзячы на тое, што працэс над Сяргеем адкрыты, у залю, дзе адбываецца разьбіральніцтва, прывялі невядомых у цывільным, якія занялі амаль усе вольныя месцы,” — распавяла Алена Каваленка.

У Першамайскі райсуд Віцебску Каваленку прывозілі двойчы: спачатку з ІЧУ, але працэс над ім не распачаўся. Пад міліцэйскім канвоем яго павезьлі ў пастарунак, сказаўшы, што трэба аформіць нейкія паперы. Тым часам у будынак Першамайскага райсуду пачалі прыбываць міліцыянты ў форме і ў цывільным: якіх выкарысталі для таго, каб запоўніць судовую залю і не пусьціць туды паплечнікаў актывіста. Але вольныя месцы ўсё адно засталіся, і некалькі слухачоў у залю ўсё ж трапілі.

Разгляд адміністрацыйнай справы па сутнасьці так і не распачаўся. Судзьдзя Натальля Карабліна была вымушаная задаволіць хадайніцтва Каваленкі наконт абаронцы. Той заявіў, што хоча запрасіць абаронцу зь Менску. Судзьдзя адвяла на пошук адваката менш як дзьве гадзіны, але Сяргею Каваленку і ягонай жонцы ўдалося стэлефанавацца і дамовіцца са знаёмым менскім адвакатам. Паколькі той будзе вольны толькі ў пятніцу, на гэты дзень і перанесьлі працэс. На суд паводле хадайніцтва Сяргея Каваленкі будзе запрошаны і перакладчык. 29 сакавіка ў 9.00 суд будзе працягнуты.

Паводле Сяргея Каваленкі, гісторыя ягонага затрыманьня наступная: да абеда 25 сакавіка ён быў на судзе ў віцебскіх актывістаў. Потым меў сяброўскую сустрэчу з аднапартыйцамі, падчас вяртаньня зь якой яго сустрэлі міліцыянты – за пераход вуліцы ў неналежным месцы. За гэта наклалі штраф памерам 450 тысяч рублёў. Потым павезьлі на мэдычнае агледжаньне на наяўнасьць алькаголю ў крыві, але праходзіць яго Сяргей Каваленка адмовіўся. Нарэшце на яго склалі пратакол за нецэнзурную лаянку і хуліганскія паводзіны ды зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Паводле Праваабарончага цэнтру “Вясна” і “Салідарнасьці”