Чацвер, 25 Красавік 2013

Віцебская актывістка дамагаецца выкананьня рашэньня Камітэту па правох чалавека праз суд

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Антаніна Піванос Антаніна Піванос

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску адбылося папярэдняе судовае паседжаньне па грамадзянскім пазове Антаніны Піванос супраць галоўнага ўпраўленьня Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці. Актывістка патрабуе, каб, у адпаведнасьці з рашэньнем КПЧ ААН, ёй выплацілі грашовую кампэнсацыю маёмасьці, якая была канфіскаваная ў яе 25 сакавіка 2008 году, а таксама вярнулі суму штрафу, якім яе пакаралі незаконна.

На 90-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці БНР Антаніна Піванос хацела ўручыць падарунак віцебскаму апазыцыянэру Барысу Хамайду – габэлен з уласнаручна вышытымі ёю словамі малітвы «Ойча наш». Аднак зьдзейсьніць задуманае не далі супрацоўнікі праваахоўных ворганаў: габэлен адабралі, а на актывістку склалі пратакол аб парушэньні парадку і правядзеньня масавага мерапрыемства. Пазьней быў суд, які пакараў Антаніну Піванос штрафам. Актывістка зьвярнулася па абарону сваіх правоў у Камітэт па правох чалавека, які прызнаў, што былі парушаныя грамадзянскія і палітычныя правы актывісткі, і абавязаў беларускія ўлады аднавіць справядлівасьць. Аднак апошнія не зрабілі нічога, каб рашэньне КПЧ выканаць.

Супрацоўнікі фінансавага ведамства, якое зьяўляецца адказчыкам у цяперашняй справе, у суд не зьявіліся. А Антаніна Піванос заявіла хадайніцтва аб удзеле ў працэсе абаронцы. Хадайніцтва было задаволенае, актывістцы далі час на пошукі адваката. Працяг – 30 красавіка.