Панядзелак, 03 Люты 2014

Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу актывіста кампаніі “Гавары праўду”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Сяргей Вазьняк Сяргей Вазьняк

29 студзеня адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк абскарджваў у Віцебскім абласным судзе адмову ў рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных груп. Суд падтрымаў ранейшыя адмовы раённай і абласной выбарчых камісіяў. Актывіст зьбіраўся балятавацца ў Талачынскі раённы і Коханаўскі сельскі саветы праз збор подпісаў.

Талачынская раённая выбарчая камісія ініцыятыўныя групы не зарэгістравала, спаслаўшыся на 6-ю частку артыкулу 60 Выбарчага кодэксу. Сяргею Вазьняку было заяўлена, што ён не жыве і не працуе на тэрыторыі саветаў, у якія зьбіраецца балятавацца. Спадар Вазьняк з такімі аргумэнтамі не пагадзіўся: спрабаваў давесьці, што ён галоўны рэдактар рэспубліканскай газэты «Товарищ», якая распаўсюджваецца на тэрыторыі ўсёй Беларусі, адпаведна, і ў Талачынскім раёне.

У Талачынскай раённай выбарчай камісіі сказалі, што тэрыторыя распаўсюду газэты ня можа разглядацца як месца працы. Віцебская абласная выбарчая камісія таксама ня стала на бок актывіста: скаргу на тое, што раённая камісія беспадстаўна адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп, палічылі неабгрунтаванай.

Віцебскі абласны суд ня толькі падтрымаў ранейшыя падставы для адмовы ў рэгістрацыі, але далучыў шэраг новых, распавёў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалай Селівашка, адзіны прадстаўнік дэмакратычных сіл у абласной выбарчай камісіі:

«У якасьці падстаў для адмовы ў рэгістрацыі было сказана, што газэту „Товарищ“ не распаўсюджвае мясцовая пошта, і што яе няма ў падпісным каталёгу. Тлумачэньні пра тое, што гэта не віна рэдактара, а адмова ад супрацоўніцтва з боку «Белпошты», прынятыя не былі. Не дапамагло і тое, што на суд прыехалі жыхары Талачыншчыны, наш аднапартыец з Коханава Мікалай Петрушэнка ды іншыя чытачы газэты. Яны засьведчылі, што газэта распаўсюджваецца на гэтай тэрыторыі і ўздымае мясцовыя праблемы. Аднак і пракурор, і судзьдзя вырашылі, што сьведкі – зацікаўленыя асобы, і таму іх тлумачэньні нельга лічыць аб’ектыўнымі».

Прысутныя на судзе актывісты і сам Сяргей Вазьняк, разумеючы, што станоўчага рашэньня ня будзе, пакінулі суд яшчэ да яго абвяшчэньня.

Праваабарончы цэнтар «Вясна»