Аўторак, 01 Красавік 2014

«Кампэтэнтнасьць» раённага судзьдзі: пастанова райсуду адмененая абласным судом

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксандар Кірылаў Аляксандар Кірылаў

Палітык Аляксандар Кірылаў быў злоўлены на крадзяжы рэчаў з магазыну «Эўраопт», і суд Кастрычніцкага раёну Віцебску падвергнуў яго адміністрацыйнаму пакараньню – штрафу ў суме 2 600 000 рублёў. Аднак сам Кірылаў з гэтым пакараньнем ня згодны. Ня згодны ён і зь вядзеньнем справы: на думку Кірылава, суд яго віны не даказаў і парушыў яго права на абарону.

Рашэньне суду заснаванае на супярэчлівых паказаньнях. У пратаколе пазначана, што Кірылаў выкраў мужчынскія кальсоны; сьведка кажа, што абвiнавачаны ў зьдзяйсьненьні правапарушэньня зьняў зь сябе 2 пары легінсаў; а сам Кірылаў сьцьвярджае, што на ім наогул былі жаночыя легінсы і швэдар. Знойдзеныя ў краме біркі, сарваныя з адзеньня, наогул судом не аглядаліся. Таксама вядома, што Кірылаў знаходзіўся ў краме разам з грамадзянкай Сакаловай, і быў падвергнуты пакараньню за крадзеж таго ж тавару, у крадзяжы якога абвінавацілі і Сакалову, але суд не разгледзеў магчымасьці аб’яднаньня дзьвюх спраў у адну.

Кірылаў падаў скаргу ў абласны суд і дамогся свайго: судзьдзя абласнога суду Сьвятлана Іванова, у сувязі з парушэньнямі падчас разгляду справы Кастрычніцкім раённым судом, вырашыла пастанову суду адмяніць і накіраваць справу на новы разгляд іншым судзьдзёй. Гэта цалкам можа сьведчыць пра тое, што судзьдзя суду першай інстанцыі, які разглядаў справу, быў некампэтэнтны. Якім бы цяжкім ні было злачынства, падсудны мае права на сумленны і справядлівы суд.

dyjalog.info