Субота, 05 Люты 2022

«Віцебскія Курапаты». Выйшла кніга пра «сталінскія» расстрэлы ў рэгіёне

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)

У кнігу ўвайшлі ўспаміны сведкаў трагічных падзеяў і іх нашчадкаў, сабраныя неабыякавымі аматарамі праўдзівай гісторыі Беларусі. Аўтары і ўкладальнікі кнігі «Віцебскія Курапаты» мяркуюць, што яна будзе цікавая тым, хто займаецца краязнаўствам і хто шукае гістарычнай праўды пра падзеі сталінскага тэрору ў Беларусі.

Праца па збіранні сведчанняў пра «сталінскія» расстрэлы распачалася яшчэ напрыканцы 1980-х, калі стала вядома пра «расстрэльнае» месца ў лесе паміж вёскамі Паляі і Вароны Віцебскага раёну. Тагачасныя ўдзельнікі віцебскага клубу аматараў гісторыі і даўніны «Узгор’е» апыталі некалькі дзясяткаў тамтэйшых жыхароў. На жаль, рукапісныя запісы гутарак згубіліся, але ў кнізе «Віцебскія Курапаты» ёсць аповеды, запісаная больш за 30 гадоў таму на магнітафонную стужку. Ёсць у зборніку і аповеды, запісаныя на відэакамеру Янам Дзяржаўцавым. Калі ў 2014-м годзе было знойдзеная невядомае пахавання расстраляных людзей у лесе каля вёскі Хайсы, актывіст пачаў збіраць аповеды жыхароў найбліжэйшых вёсак, і запісаў успаміны больш як 30-ці чалавек. Збольшага апавядальнікамі былі ўжо не відавочцы, а іхныя нашчадкі. Але ўдалося знайсці і непасрэдных сведак

«Сведкам быў Зміцер Сцяпанавіч Ганчароў, якога сёння таксама ўжо няма на свеце. У канцы 1930-х ён быў дзіцём, і разам з сябрам улетку яны пасвілі калгасных бычкоў. Аднойчы цялё згубілася, і вечарам дзеці пайшлі яго шукаць. Убачылі, як у лес заехала машына, неўзабаве пачулі стрэлы. Ім падумалася, што гэта маглі застрэліць бычка, які заблукаў. Але з-за дрэваў з’явіліся ўзброеныя людзі, якія загадалі малым бегчы адсюль і забыцца пра ўсё, што бачылі. Калі ўжо дома Зміцер Сцяпанавіч насмеліўся распавесці пра ўбачанае сваёй маці, яна забараніла нават падыходзіць да той мясціны ў лесе. Бо вяскоўцы ведалі: там расстрэльваюць людзей», – распавёў Ян Дзяржаўцаў.

Апрача аповедаў відавочцаў і іх нашчадкаў пра расстрэлы каля вёсак Паляі, Хайсы і ва ўрочышчы Цёплы лес, у кнізе «Віцебскія Курапаты» ёсць асобны раздзел пра пошукі сваякоў, якія хочуць даведацца праўду пра лёсы сваіх рэпрэсаваных родных. Інфармацыя пра злачынствы сталінізму ўсё яшчэ засакрэчана, і людзям даводзіцца праводзіць самастойныя расследаванні і рабіць запыты ў КДБ, па драбніцах збіраючы звесткі пра расстраляных блізкіх.

«Мэта стварэння гэтай кнігі – распавесці людзям пра знойдзеныя вакол Віцебску месцы масавых расстрэлаў бязвінных грамадзян падчас сталінскага тэрору. Старажылы вёсак Хайсы, Баравыя, Дрыколле, Бараўляны, Саколькнікі, Лужасна, Мазалава, Паляі, Вароны, жыхары Віцебску расказалі пра сапраўдны генацыд, які здзяйсняла савецкая ўлада, расстрэльваючы людзей па нацыянальнай і сацыяльнай прыкмеце ўначы, таемна, каб людзі не бачылі і не ведалі пра іхныя злачынствы супраць чалавецтва», – кажа Ян Дзяржаўцаў.

Аўтары і ўкладальнікі кнігі «Віцебскія Курапаты» мяркуюць, што яна будзе цікавая тым, хто займаецца краязнаўствам, і хто шукае гістарычнай праўды пра падзеі сталінскага тэрору ў Беларусі.

Феліцыян Красоўскі