Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 14 Лістапад 2019

Вярхоўны суд пакінуў прысуд «сьмяротніку» Паўлаву бязь зьменаў: расстраляць

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Віктар Паўлаў у абласным судзе Віктар Паўлаў у абласным судзе

Вярхоўны суд 12 лістапада разгледзеў у апэляцыйным парадку крымінальную справу ў дачыненьні да жыхара Віцебскага раёну Віктара Паўлава. 30 ліпеня судовая калегія Віцебскага абласнога суду прысудзіла яго да найвышэйшай меры пакараньня – расстрэлу.

«Апэляцыйным вызначэньнем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь прысуд Віцебскага абласнога суду ад 30 лiпеня 2019 году ў крымінальнай справе ў дачыненьні да Віктара Паўлава пакінуты бязь зьмены, а апэляцыйная скарга абвінавачанага – без задавальненьня», – паведамляецца на афіцыйным сайце Вярхоўнага суду.

Прысуд набыў законную сілу.

Нагадаем, што Віктар Паўлаў быў прызнаны вінаватым у забойстве дзьвюх заведама састарэлых асобаў, учыненым з асаблівай жорсткасьцю (пп. 1,2,6,16 ч.2 арт.139 КК Рэспублікі Беларусь). Раней Паўлаў ужо быў суджаны за забойства. Мужчына быў таксама прызнаны вінаватым у крадзяжы (ч.2, арт. 205 КК).

Віктару Паўлаву 50 гадоў. Цяпер памілаваць яго можа толькі прэзыдэнт Лукашэнка.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе дагэтуль ужываюць сьмяротнае пакараньне.

«Дзяржава, якая лічыць сябе цывілізаванай, не павінна прымяняць сьмяротную кару, не павінна расстрэльваць людзей», – запэўнівае віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.