Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 18 Сакавік 2016

Любоў Кавалёва: Улад і Дзіма былі адзінымі сьведкамі злачынства спэцслужбаў, таму ўлада не магла пакінуць іх у жывых

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Любоў Кавалёва Любоў Кавалёва

Любоў Кавалёва мяркуе, што яе сына расстралялі адразу пасьля апошняга спатканьня – 11 сакавіка 2012 году.

30 лістапада 2011 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Уладзіслава Кавалёва вінаватым у саўдзеле ў тэрарызьме і прысудзіў яго да сьмяротнага пакараньня. 7 сьнежня асуджаны падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

14 сакавіка 2012 году стала вядома пра тое, што Лукашэнка адмовіўся памілаваць Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. За тры дні да таго, 11 сакавіка, маці і сястра Кавалёва атрымалі зь ім трохгадзіннае спатканьне ў СІЗА КДБ. У той самы дзень, мяркуе Любоў Кавалёва, яе сына і расстралялі.

Пра падзеі чатырохгадовай даўнасьці ўспамінае Любоў Кавалёва.

– На судзе ваш сын не прызнаў сваёй віны, адмовіўся ад паказаньняў, дадзеных пад ціскам. Пра што маўчаў ваш сын?

– Улад не маўчаў, ён сказаў досыць. Аднак вельмі многае тады казалася ў мяккай форме, бо кожны раз пасьля паседжаньня суду ён трапляў у СІЗА, дзе чакаў і ціск, і розныя віды пакараньня. Калі Ўлад не пацьвердзіў вочную стаўку зь Дзімам, суд адклалі да панядзелка, а ў панядзелак Улада прывезьлі ў суд у страшным выглядзе: ён хацеў есьці, хацеў піць, спаць, у яго быў стомлены твар – яму не даравалі такія паказаньні. Ніхто не чакаў, што Ўлад стане гаварыць.

– Чакалі, што ваш сын бесьпярэчна прызнае віну і будзе маўчаць?

– Яны думалі, што Ўлад будзе рабіць тое самае, што і Дзіма – маўчаць. Але Ўлад ня стаў маўчаць. Мяркую, сваю ролю ў гэтым адыграла тая акалічнасьць, што я была на віду, і ў Улада быў адвакат – ня дадзены ўладамі, а наш адвакат. У гэтым пляне Ўладу было лягчэй.

Дзіма знаходзіўся ў поўным няведаньні: ён ня ведаў, што адбываецца зь сям'ёй. Тым больш, што брат і бацька былі затрыманыя і працяглы тэрмін адседзелі ў СІЗА. Калі бацькоў Дзімы прывялі ў судовую залю пад канвоем, яму яшчэ раз нагадалі: маўчы, або пакараем і ўсю сям'ю.

– Як паказаньні і паводзіны вашага сына адбіліся на ўсім судовым працэсе?

– Сын паламаў усю веру ў правасудзьдзе, паказаў, што ў краіне няма незалежнага суду. Кожнага чалавека могуць прымусіць падпісаць прызнаньне ў злачынстве, якога ён не зьдзяйсьняў.

– Апошні раз вы сустракаліся з Уладам ў СІЗА КДБ 11 сакавіка 2012 году, праваабаронцы мяркуюць, што вашага сына пакаралі сьмерцю ў пэрыяд з 12 па 15 сакавіка. Калі вы адчулі, што з сынам нядобра?

– Пасьля апошняга спатканьня я аналізавала паводзіны ўладаў, калі мы беспасьпяхова спрабавалі знайсьці Ўлада. Я мяркую, што Ўлад быў пакараны пасьля нашага спатканьня – 11 сакавіка, але ніяк не 15-га. І паводзіны Ўлада, і паводзіны работнікаў СІЗА – усё казала пра наша апошняе спатканьне.

– Цяпер, праз чатыры гады пасьля вашай трагедыі, ці зьмянілі вы сваю думку наконт пасьпешнай кары? Чаму сьмяротны прысуд прывялі ў выкананьне, не чакаючы нават адказу з Камітэту па правох чалавека ААН?

– Дзіма і Ўлад зьяўляліся сьведкамі злачынства, якое зьдзейсьніла ўлада. Тэракт зьдзейсьнілі спэцслужбы – іншага меркаваньня ўжо не існуе, а Дзіма і Ўлад зьяўляліся сьведкамі гэтага злачынства. Адзіныя сьведкі – іх у кожным разе зьнішчылі б. Ход сьледзтва, выбіваньне прызнаньняў, зьдзекі – усё кажа пра гэта. Пры спрыяльным зыходзе справы раней ці пазьней яны распавялі б праўду, таму ўлада не магла пакінуць іх у жывых.

– Ці ўдалося вам прыадчыніць заслону таямніцы над падзеямі чатырохгадовай даўніны? Вы настойліва дамагаліся праўды...

– Нічога не дамаглася – пры цяперашняй уладзе праўды мы не даб'ёмся. Заўсёды ішлі адпіскі, прычым неаргумэнтаваныя. Пры гэтай уладзе наўрад ці мы чаго даможамся.

– Нават так і не даведаліся, што пахаваны сын?

– Нічога ня ведаем, абсалютна нічога (плача).

– Любоў Іванаўна, як паўплывала гэтая трагедыя на ваш асабісты лёс, на вашу сям'ю?

– Жыцьцё падзялілася на дзьве часткі: да выбуху і пасьля выбуху. А тут боль яшчэ мацнейшы, таму што сына абвінавацілі ў злачынстве, якога ён не зьдзяйсьняў.

Магчыма, сам тэракт і падача яго афіцыйнымі мэдыямі сталі шокам для людзей у самым пачатку: людзі проста ня мелі ніякай інфармацыі. Калі да людзей дайшла інфармацыя, я не адчуваю да сабе ніякага нэгатыву. Я працую ў вялікім калектыве: і тады, і цяпер я адчуваю і падтрымку, і добрае стаўленьне да сям'і.

Я не адчуваю ціску з боку людзей.

Даведка. Выбух на менскай станцыі мэтро «Кастрычніцкая» прагрымеў 11 красавіка ў 17:50. Ён забраў жыцьці 15 чалавек, больш за 200 былі шпіталізаваныя. Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва затрымалі праз суткі пасьля выбуху, а суд над імі пачаўся 15 верасьня. Фігурантам таксама ставяцца ў віну выбухі ў Менску ў 2008 годзе і Віцебску ў 2005 годзе.

Праваабаронцы і міжнародныя структуры, у тым ліку Эўразьвяз, парлямэнцкія асамблеі Рады Эўропы і АБСЭ, заклікалі Лукашэнку перагледзець сваё рашэньне аб адмове ў памілаваньні Кавалёва і Канавалава: судовы працэс пакінуў пасьля сябе занадта шмат пытаньняў.

Георгі Громаў, Беларуская праўда