Друкаваць гэтую старонку
Субота, 05 Красавік 2014

Генпракуратура адмовіла родным Ўладзіслава Кавалёва ў аднаўленьні справы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Генэральная пракуратура Беларусі адмовіла сваякам Уладзіслава Кавалёва, аднаго з двух расстраляных два гады таму па абвінавачаньні ва ўчыненьні тэракту ў менскім мэтро, у аднаўленьні справы па новаадкрытых акалічнасьцях. Пра гэта паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк.

У сакавіку маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва накіравалі заяву генэральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку, у якім прасілі вынесьці пастанову аб распачынаньні вытворчасьці па гэтай крымінальнай справе па новаадкрытых акалічнасьцях.

Любоў Кавалёва і Тацьцяна Казяр абгрунтоўвалі гэта тым, што Камітэт ААН па правох чалавека, куды яны зьвярталіся са скаргай, пастанавіў: беларуская дзяржава парушыла права на жыцьцё Ўладзіслава Кавалёва. Паводле меркаваньня гэтага міжнароднага органу, пры разглядзе справы Кавалёва беларуская дзяржава парушыла шэраг палажэньняў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох: забарону прымяненьня фізычнай сілы і прымусу да дачы паказаньняў супраць сябе, прэзумпцыю невінаватасьці.

Акрамя таго, лічаць у ААН, суд не зьяўляўся незалежным і бесстароньнім, было парушанае права на перагляд прысуду вышэйшай судовай інстанцыяй.

У сваёй заяве жанчыны адзначалі, што выяўленыя Камітэтам ААН па правох чалавека парушэньні палажэньняў міжнароднага пакту пасьля пакараньня сьмерцю могуць быць выпраўленыя толькі празь перагляд справы, а іх устараненьне неабходнае для забесьпячэньня правасудзьдзя ў дачыненьні да Ўладзіслава Кавалёва і яго пасьмяротнай рэабілітацыі.

Паводле меркаваньня праваабаронцы, які прадстаўляў маці і сястру Ўладзіслава Кавалёва ў Камітэце ААН па правох чалавека, сьмяротны прысуд быў вынесены па выніках судовага разгляду са шматлікімі працэсуальнымі парушэньнямі. Адзіная магчымасьць для сваякоў Ўладзіслава рэабілітаваць яго хаця б пасьмяротна — гэта дамагчыся аднаўленьня справы і яе паўторнага разгляду.

«З адказу генпракуратуры, які атрымалі Любоў Кавалёва і Тацьцяна Казяр вынікае, што рашэньне Камітэту па правох чалавека па справе Ўладзіслава Кавалёва не ўваходзіць у пералік падстаў для перагляду справы па новаадкрытых акалічнасьцях, прадугледжаны артыкулам 218 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі», — сказаў праваабаронца.

Ён адзначыў, што маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва ня згодныя з такім адказам і маюць намер абскардзіць яго, бо лічаць: ёсьць усе падставы для правядзеньня праверкі ў мэтах працэдуры распачынаньня справы па новаадкрытых акалічнасьцях.

«У беларускім крымінальным заканадаўстве ў дачыненьні да справы Кавалёва няма іншага прававога мэханізму выпраўленьня парушэньняў, выяўленых Камітэтам па правох чалавека ААН», — рэзюмаваў праваабаронца.

Нагадаем, сьмяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву быў вынесены 30 лістапада 2011 году Вярхоўным судом. 7 сьнежня асуджаны падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. 11 сакавіка 2012 году маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва апошні раз сустрэліся зь ім на спатканьні. 17 сакавіка 2012 году сваякі Кавалёва атрымалі зь Вярхоўнага суду ліст аб тым, што 15 сакавіка прысуд быў прыведзены ў выкананьне.

Скарга маці Ўладзіслава Кавалёва і яго сястры Тацьцяны Казяр была зарэгістраваная ў Камітэце ААН па правох чалавека 15 сьнежня 2011 году, разгледжаная — 29 кастрычніка 2012 году.

БелаПАН