Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 23 Кастрычнік 2022

Віцебская рэстарацыя «Зелёна Гура» цяпер беларуска-грузінская

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Рэстарацыя з назовам у гонар колішняга польскага горада-пабраціма адчынілася ў 1986 г. Дакладней, з 1983 г. у гэтым будынку мясцілася рэстарацыя «Спутник», пазней перайменаваная паводле савецкай «пабрацімскай» завядзёнкі. Лёс гэтай установы грамадскага харчавання аказаўся незайздросны, папулярныя калісьці, у 2007 г. рэстарацыя зачынілася. А за той час, пакуль рабіліся захады па яе «ажыўленню», польскі горад Зялёна Гура парваў пабрацімскія сувязі з Віцебскам праз узброены канфлікт ва Украіне.

«Я не бачу магчымасці падтрымліваць партнёрства з кімсьці, хто падтрымлівае Пуціна супраць Украіны», заявіў Януш Кубіцкі, прэзідэнт Зялёнай Гуры, здымаючы 1 сакавіка таблічку з назовам Віцебск у тамтэйшай мэрыі.

Калісьці ў меню рэстарацыі «Зялёна Гура» насамрэч былі стравы польскай нацыянальнай кухні. І ўвогуле партнерства польскага і беларускага гарадоў было вельмі адчувальным: у Віцебску з’явілася вуліца Зеленагурская, а для таго, каб праводзіць тут фестываль польскай песні, некалі і быў збудаваны амфітэатр. Той самы, дзе цяпер праводзіцца «Славянскі базар».

Пераймяноўваць рэстарацыю перад адкрыццём пасля доўгага перапынку не сталі. Генадзь Міхалко, дырэктар  адкрытага акцыянернага таварыства «Вітміл», да якога належыць установа, палічыў неабходным захаваць ранейшую назву.   Ён перакананы, што варта захоўваць павагу да гарадскіх традыцый і гісторыі гораду, дзе рэстарацыя менавіта пад такой назвай была вельмі папулярнай. Але што да страваў, то тут гараджанаў чакае сюрпрыз: загадчык рэстарацыі Зураб Схіртладзэ абяцае наведнікам «беларуска-грузінскую кухню, жывую музыку і прыемную атмасферу». Каб прывабіць наведнікаў, установа харчавання абяцае 30-адсоткавую скідку на комплексныя абеды цягам месяца.

Жанна Жалейка