Аўторак, 08 Ліпень 2014

У Віцебску адзначылі дзень народзінаў Марка Шагала

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Традыцыйным сьвятам «У гасьцёх у Марка і Бэлы» 7 ліпеня ў Віцебску адзначылі 127-ю гадавіну з дня нараджэньня знакамітага мастака Марка Шагала. Урачыстасьці, якія праходзілі ў садзе дому-музэю мастака на Пакроўскай вуліцы, адкрыла дачка паэта і старшыні Шагалаўскага камітэту Давіда Сімановіча, які нядаўна пайшоў з жыцьця.

Як звычайна, сьвята праходзіла камэрна, амаль сямейна. У двары шагалаўскай хаткі сабраліся прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі гораду, віцебскай жыдоўскай грамады. Перад прысутнымі выступалі бард Алег Чарняк, жыдоўскі вакальна-харэаграфічны ансамбль «Наша песьня», артысты тэатру «Яход», харэаграфічны калектыў сучаснага танцу “Паралелі”, клезьмерскі ансамбль «Адышэ Нішомэ» і іншыя. Сёй-той з гледачоў таксама выходзіў да мікрафону са сваімі вершамі і зноў гучалі прысьвячэньні Шагалу і Сімановічу.

Мэмарыяльны дом-музэй Марка Шагала на вуліцы Пакроўскай у Віцебску адкрыўся ў 1997 годзе, пасьля шматгадовай барацьбы віцебскай інтэлігенцыі за ўшанаваньне памяці знакамітага мастака. Лічыцца, што гэты будынак на пачатку XX стагодзьдзя пабудаваў бацька мастака, і Марк Шагал правёў тут свае юнацкія гады. Раней, у 1992 годзе ў Віцебску быў адкрыты арт-цэнтар імя Шагала. У іх фондах знаходзіцца каля 300 графічных лістоў Марка Шагала.

Крыніца: Народныя навіны Віцебска