Аўторак, 15 Ліпень 2014

На чыноўніка з Гарадка заведзеная крымінальная справа

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Уладзімер Варонка Уладзімер Варонка

Гарадоцкім раённым аддзелам Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь расьсьледуецца крымінальная справа ў дачыненьні да першага намесьніка старшыні Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэту. Крымінальная справа распачатая пракуратурай Гарадоцкага раёну па матэрыялах праверкі супрацоўнікаў 7-га ўпраўленьня ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусь. Пра гэта распавяла афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Іна Гарбачова.

Сьледчыя мяркуюць, што чыноўнік, працуючы на пасадзе дырэктара ААТ “Гарадоцкі льнозавод”, сумесна з галоўным бухгальтарам гэтага ж прадпрыемства, зьдзейсьніў службовую падробку і перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы. Дзеяньні падазраваных кваліфікаваныя паводле ч.1 арт.427 (Службовы падлог) КК РБ. Санкцыі паводле гэтага артыкулу прадугледжваюць пазбаўленьне волі да 2 гадоў.

“З 31 студзеня па 1 лістапада 2013 году, раней працуючы на пасадзе дырэктара ААТ “Гарадоцкі льнозавод”, сумесна з галоўным бухгальтарам гэтага ж прадпрыемства, дзейнічаючы з карысьлівай зацікаўленасьці, якая выявілася ў імкненьні пазьбегнуць прыцягненьня да матэрыяльнай і дысцыплінарнай адказнасьці за несвоечасовую выплату заработнай платы, унесьлі загадзя фальшывыя зьвесткі ў неабходныя для налічэньня заработнай платы даведкі, якія пасьля падалі ў банк, - паведамілі ў СК. - у даведках ж паказалі зьвесткі пра адсутнасьць забавязаньняў перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва, пры наяўнасьці фактычнай запазычанасьці”.

У цяперашні час сьледчымі Гарадоцкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту праводзяцца неабходныя сьледчыя дзеяньні. Першы намесьнік старшыні Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэту таксама падазраецца ў перавышэньні ўлады або службовых паўнамоцтваў.

Паводле вэрсіі сьледзтва, чыноўнік даў указаньні галоўнаму бухгальтару ААТ “Гарадоцкі льнозавод” аб унясеньні загадзя фальшывых зьвестак у афіцыйны дакумэнт, які адлюстроўваў скажоныя дадзеныя пра ўвядзеньне ў эксплёатацыю малочна-таварнай фэрмы, якая належыць ААТ “Гарадоцкі льнозавод”. Крымінальная справа расьсьледуецца паводле ч.2 арт.426 (Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў) КК РБ. Паводле гэтага артыкулу чыноўніку пагражае таксама ад 2 да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Імя чыноўніка, які знаходзіцца пад сьледзтвамі, не паведамляецца. Аднак, калі верыць афіцыйнай старонцы Гарадоцкай раённай адміністрацыі, пасаду першага намесьніка старшыні займае Ўладзімер Варонка (на фота).

Паводле news.tut.by і svaboda.org