Пятніца, 05 Верасень 2014

Інфармацыйная шыльда ля «Барысава каменя» ў Полацку зьмяшчае шэраг памылак

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На пачатку лістапада мінулага году побач з гісторыка-культурнымі і архітэктурнымі помнікамі Полацку былі ўсталяваныя шыльды з кароткім апісаньнем помнікаў. Зьявілася такая і ля «Барысава каменя», разьмешчанага на ўзгорку побач з Сафійскім саборам. Праўда, прыведзеная на ёй інфармацыя зьмяшчае шэраг недакладнасьцяў. Пра гэта распавёў гісторык Ігар Залілаў:

«”Не вер вачам сваім” - гэтыя словы зь вядомага афарызму Казьмы Пруткова паўсталі ў памяці пры аглядзе “Барысава каменя” - помніка манумэнтальнай эпіграфікі Беларусі першай паловы XII стагодзьдзя, які стаяў ля Сафійскага сабора ў Полацку. Дагэтуль быў упэўнены, што крыж, выбіты на яго паверхні ў тыя даўнія часы - чатырохканцовы. Аднак у суправаджальным тэксьце на інфармацыйнай пласьціне, разьмешчанай побач з каменем, насуперак відавочнаму, сьцьвярджаецца, што ён шасьціканцовы. Уважліва агледзеў яшчэ раз арыгінал малюнку на камені - крыж чатырохканцовы, які стаіць асновай на трохуступістым падножжы - Галгофе. Чытаю на пласьціне - “шасьціканцовы”.

Не здымаючы даўно ўжо адзетыя акуляры, чытаю далей і са зьдзіўленьнем даведваюся, што, на думку складальнікаў тэксту, вёска Падкасьцельцы, у якой і ляжаў шматлікія стагодзьдзі гэты камень, разьмешчаная на правым беразе Заходняй Дзьвіны. Гляджу на захад, па цячэньні ракі, і з палёгкай пераконваюся, што вёска Падкасьцельцы, нават пасьля ўваходу ў склад Наваполацку, засталася на сваім спрадвечным месцы - на паўднёвым, левым беразе ракі Заходняя Дзьвіна.

Далей па тэксьце мы даведаемся, што парода гэтага каменя - “палявы шпат”. Аднак у 1981 годзе, яшчэ да падняцьця каменя з рэчышча ракі, мною быў зроблены запыт на вызначэньне геалёгіі каменя ў Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР, на імя дырэктара Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага. У адказе на запыт, за подпісам старшага інжынэра інстытуту Вінакурава В. Ф. і малодшага навуковага супрацоўніка Рунца Е. П., парода каменя пазначаная як “граніт рапаківі”, што ў перакладзе зь фінскай азначае “гнілы камень”. Карэннае заляганьне гэтай пароды - Выбарскі масіў поўначы Ленінградзкай вобласьці. Дакумэнт гэты павінен захоўвацца ў архіве ГПІКЗ. А палявы шпат зьяўляецца толькі адным з кампанэнтаў сярод лушчака, кварца, рагавой падманкі і іншых складнікаў, якія ў выніку і ўтвараюць пароду гранітаў.

Чытаючы тэкст пласьціны са зьдзіўленьнем думаеш, - няўжо час знаходжаньня Барысава каменя ў Верхнім Замку згуляў зь ім злы жарт - ператварыў яго з граніту-рапаківі ў палявой шпат, а чатырохканцовы крыж у “шасьціканцовы”?»

Крыніца: Хімік.інфо