Аўторак, 17 Сакавік 2015

У Глыбокім зьнішчылі сквэр, які ня так даўно пасадзілі БРСМаўцы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Глыбокім зьнішчылі сквэр, які павінен быў услаўляць БРСМ. Ён разьмяшчаўся на беразе возера Беразьвецкага, побач са старымі габрэйскімі могілкамі. Раней жа на гэтым месцы бралі пясок для адсыпкі гарадзкіх вуліц.

Гадоў пятнаццаць таму старыя габрэйскія могілкі прывялі ў парадак. Потым узьнік праект пусьціць гарадзкую каналізацыю паўз возера, каб сьцёкі не траплялі ў вадаём. Ідэя была добрая, але скончыліся грошы, работы спыніліся, а дарагія трубы засталіся ў зямлі. І вось цяпер пра іх успомнілі і сталі адкопваць. Капаючы, зламалі частку дрэваў.

Тут расьлі дрэвы каштоўных парод, якія высаджваліся такім чынам, каб пасьля зьверху чытаўся надпіс “БРСМ”. Ужо ў першы год частку дрэў зламалі, яшчэ частка не прыжылася, а гэтымі днямі пасадку зьнішчылі канчаткова землянымі работамі.

У свой час закладка сквэру вельмі пампэзна асьвятлялася ў мясцовай прэсе, але цяпер гэтае месца ўяўляе сабой даволі сумнае відовішча.

Крыніца: Эўрарадыё