Чацвер, 23 Красавік 2015

На Віцебшчыне расьце колькасьць сямейна-бытавых злачынстваў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Так, у першым квартале 2015 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2014-га колькасьць забойстваў павялічылася з 1 да 5, фактаў прычыненьня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў - з 3 да 8.

 

«За гэтымі лічбамі боль і сьлёзы людзей, якія жывуць разам і ня здолелі вырашыць складаныя канфлікты, што прывялі да трагедыі, - распавёў намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Пранько. - Каб палепшыць сытуацыю, якая склалася, з 7 па 15 красавіка Віцебшчына ўзяла актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Дом бяз гвалту!”».

Сумесна з прадстаўнікамі выканаўчых і распарадчых органаў міліцыянты праводзілі гутаркі зь сямейнымі дэбашырамі, прымалі да іх меры адміністрацыйна-прымусовага і прафіляктычнага ўзьдзеяньня. Адным з рычагоў зьяўляюцца штрафныя санкцыі, прадугледжаныя КаАП. За тры месяцы бягучага году праваахоўнікі зьдзейсьнілі звыш 10 тысяч выездаў з нагоды сямейных канфліктаў, прыцягнулі да адказнасьці каля 1900 чалавек за дробнае хуліганства, абразу, нанясеньне пабояў і наўмыснае прычыненьне болю. Апроч таго, парушальнікі атрымалі афіцыйныя папярэджаньні наконт недапушчэньня супрацьпраўных паводзін, што дазволіць у будучыні прымяніць у дачыненьні да гэтых грамадзян ахоўную перасьцярогу - ізаляцыю ад сям’і на тэрмін ад 3 да 30 сутак. Летась такое пакараньне ўжывалася 60 разоў, а сёлета - ужо 40.

«Ахоўная перасьцярога санкцыянуецца пракуратурай, якая вызначае і тэрмін, на які чалавек пазбаўляецца права бачыцца зь сям’ёй, - растлумачыў Уладзімер Пранько. - Калі каму-небудзь зь іх няма дзе пасяліцца на гэты час, райвыканкамам загадана стварыць пакоі для часовага пражываньня».

Такія месцы ўжо арганізаваныя ў кожным раёне, як і жытло для ахвяраў хатняга гвалту. У так званых крызысных пакоях жанчына можа перачакаць да раніцы, калі мужчына вярнуўся дадому п’яны і вядзе сябе агрэсіўна. Інфармацыя пра іх ёсьць у тэрытарыяльных РАУС.

Крыніца: Витебские вести