Пятніца, 06 Май 2022

Гуманітарную дапамогу з Беларусі адвезлі ў непрызнаную «ДНР». Пад савецкім сцягам

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Аляксей Талай. Валнаваха, 5 траўня. Фота: vk.com/alexeytalay Аляксей Талай. Валнаваха, 5 траўня. Фота: vk.com/alexeytalay

Цягам красавіка па ўсёй Віцебшчыне быў афіцыйна абвешчаны збор гуманітарнай дапамогі. У дзяржаўных СМІ пра гэта пісалі вельмі расплывіста: «гуманітарны груз будзе дастаўлены ўкраінскім уцекачам і ў рэгіёны Украіны, якія пацярпелі ад вайсковых дзеянняў». Дапамога збіралася пад эгідай ГА «Белая Русь» і дабрачыннага фонду Аляксея Талая – вядомага паралімпійца і матывацыйнага трэнера, ураджэнца Воршы.

Падобна, арганізатары адмыслова не інфармавалі беларусаў, куды канкрэтна павязуць сабраныя рэчы, затое цяпер у сацыяльных сетках Аляксей Талай распавядае пра свае паездкі ў Данецк і Валнаваху, куды ён завёз перадачы «ад добрых беларускіх сем'яў» пад савецкім чырвоным сцягам.

Аляксей Талай афіцыйна паведаміў, што гуманітарная дапамога трапіла менавіта на Данбас:

«Для меня большая радость быть здесь, приехать с гуманитарной миссией от белорусского народа, привезти подарки детям, медикаменты - все то, что сейчас необходимо на тех территориях, где совсем недавно были боевые действия».

Таксама Талай прывёз на Данбас сцяг СССР, патлумачыўшы гэта наступным чынам:

«Мы будем скоро отмечать День Победы. Мы народ-победитель. Мы будем это помнить всегда. Мы едины. В единстве наша сила. Ведь тогда весь наш многонациональный, многоконфессиональный советский народ победил фашизм, и мы сегодня с этим символом от всего белорусского народа приехали в Донбасс».

На сваёй старонцы «ВКонтакте» Талай піша пра сустрэчу з новым кіраўніком Валнавахі, пра ўдзел у адкрыцці пасля рамонту дзіцячага садку, падчас якога «передали детишкам всем первым трём группам конфеты, карандаши, пластилин, альбомы, краски, карандаши, носочки, колготки». Разуменне Аляксеем Талаем сутнасці  вайны ва Украіне відавочнае з ягоных радкоў:

«Вокруг садика разрушенная церковь, расстрелянные дома, детские площадки посечены осколками. Киевский танк, понимая, что не получится сбежать, от злости стрелял по мирным людям жителям домов».

Падчас свайго візіту ў Данецк Аляксей Талай наведаў у лякарні параненых расейскіх салдатаў.

Тут варта згадаць пра лёс гэтага чалавека, які стаўся інвалідам менавіта праз ваенныя наступствы: падлеткам ён падарваўся на міне, якая праляжала ў зямлі амаль 50 гадоў, застаўшыся практычна без рук і ног. Еўрапейскія медыі называлі яго «апошняй ахвярай Другой сусветнай вайны», і шэраг аперацый яму зрабілі ў замежных клініках. Тым больш дзіўна, што чалавек, які пацярпеў ад наступстваў мінулай вайны, падтрымлівае сёння вайсковую агрэсію Расеі.

Станіслаў Іваноўскі