Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 14 Чэрвень 2021

Як віцябляне Кузнечыкі жывуць у амбасадзе Швецыі ў Менску. Уладзіслаў хворы на анкалогію - і не мае медычнай дапамогі

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Віталь і Ўладзіслаў Кузнечыкі, 11 верасьня 2020. Фота: svaboda.org Віталь і Ўладзіслаў Кузнечыкі, 11 верасьня 2020. Фота: svaboda.org

11 верасня 2020 году, у разгар масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, двое беларусаў прыйшлі да пасольства Швецыі ў Менску. Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі, бацька і сын, пазванілі ў званок і папрасілі абароны, патлумачыўшы, што іх шукае міліцыя і яны асцерагаюцца за сваё жыццё. Атрымаўшы адмову, яны пералезлі праз плот і засталіся на тэрыторыі амбасады, перадае Радыё Свабода.

За некалькі дзён да гэтага 47-гадовы Віталь Кузнечык і яго 29-гадовы сын Уладзіслаў удзельнічалі ў маршы салідарнасці ў Віцебску: сілавікі павалілі Кузнечыка-старэйшага на зямлю, пачалі збіваць і распылілі газ у твар. Уладзіслаў рынуўся ратаваць бацьку, расштурхаў сілавікоў, у выніку абодвум удалося ўцячы.

«Ні разу не шкадаваў аб тым, што я адбіў бацьку ад карнікаў – супрацоўнікаў сілавых структур», – кажа Уладзіслаў Кузнечык.

«Учынкам сына я ганаруся, я бы сапраўды гэтак жа паступіў. Я думаю, многія б так зрабілі», – кажа Віталь Кузнечык, чыё збіццё міліцыянтамі ў верасні 2020 года трапіла на відэа.

 
На абодвух мужчын адразу завялі крымінальную справу, па якой ім пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Пасля акцыі пратэсту мужчыны хаваліся некалькі дзён, даведаўшыся, што за іхнымі сваякамі сочаць, бацька і сын накіраваліся да амбасады Швецыі.

«Нас жа заб’юць»

«Адразу нас не пусцілі, – успамінае Уладзіслаў. – Можа, не паверылі. Калі мы прыйшлі ў амбасаду, праз дамафон нам сказалі: «Мы вас ня пусцім». Мы казалі: «Што рабіць? Нас жа заб'юць».

Кузнечыкі пералезлі праз плот і схаваліся пад лесвіцай на тэрыторыі амбасады. Адтуль яны запісалі відэазварот. На той момант да будынку прыехаў АМАП і журналісты.

«Людзей знаходзяць з прабітымі галовамі, павешанымі. АМАП ачапіў амбасаду і чакае, пакуль шведская амбасада выдасць нас ім. Спадзяюся, што гэтага ня здарыцца», – казаў на відэа Уладзіслаў Кузнечык.

На той момант у Беларусі было вядома пра гібель у выніку падаўлення пратэстаў сама меней трох чалавек. Аднаго з дэманстрантаў, Мікіту Крыўцова, знайшлі павешаным у лесе на ўскраіне Менску. Смерці яшчэ некалькіх людзей таксама звязвалі з рэпрэсіямі супраць нязгодных з фальсіфікацыяй вынікаў выбараў.

Пад лесвіцай Кузнечыкі праседзелі да 10 гадзін вечара, затым ім дазволілі зайсці ў будынак амбасады, адразу папярэдзіўшы, што доўга яны там заставацца ня могуць – у шведскім заканадаўстве не прадугледжана працэдура атрымання палітычнага прытулку ў амбасадзе.

Літаральна на наступны дзень юрыдычную дапамогу Кузнечыкам прапанаваў юрыст Вадзім Драздоў, які сам родам з Беларусі, але жыве ў Еўропе. Для абароны Уладзіслава і Віталя ён накіраваў ліст спачатку ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, а затым у Камітэт ААН супраць катаванняў.

«Мы разумеем на сённяшні дзень, што ў Беларусі па ўсіх палітычна матываваных справах людзей катуюць падчас знаходжання ў месцах пазбаўлення волі альбо ім ствараюцца катавальныя ўмовы – умовы, якія мы можам на сённяшні дзень прыраўноўваць да катаванняў», – кажа Вадзім Драздоў.

Першага кастрычніка 2020 году Сакратарыят упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека даслаў ліст ад Камітэту супраць катаванняў па сітуацыі з Кузнечыкамі. Вадзім Драздоў лічыць, што фактычна гэта абавязвае не выстаўляць Кузнечыкаў за тэрыторыю амбасады.

«Мы вельмі мала ведаем пра тое, што адбываецца»

Вадзім Драздоў кажа, што ня бачыць, каб шведскія ўлады штосьці рабілі для вырашэння дадзенай сітуацыі.

«Я не выключаю, што пасольства проста чакае – можа, у іх (Кузнечыкаў) калісьці ня хопіць цярпення, і яны добраахвотна выйдуць. Тады ўрад Швецыі скажа: «Ну мы ж іх не выганялі, яны самі сышлі». А што потым з імі адбылося – гэта ўжо зусім іншае пытанне», – тлумачыць юрыст.

Кіраўнік шведскай Арганізацыі падтрымкі дэмакратыі ва Ўсходняй Еўропе Марцін Угла спадзяецца, што шведскія дыпламаты вядуць сакрэтныя перамовы з беларускімі ўладамі, каб, да прыкладу, атрымаць гарантыі і вывезці Кузнечыкаў у Літву ці Польшчу.

«Але мы вельмі мала ведаем пра тое, што адбываецца, таму што шведскія ўлады ўвогуле нічога не гавораць пра гэта. Кажуць, што яны працуюць над развязаннем гэтай праблемы, але пра якае развязанне ідзе гаворка, мы, вядома, ня ведаем», – кажа шведскі праваабаронца.

«Гэта цяпер вельмі важна, каб мы не забыліся пра Беларусь, каб Еўразвяз і Швецыя працягвалі дапамагаць людзям, якія цяпер змагаюцца за дэмакратыю, за свабоду, каб гэта было зроблена не толькі на словах, але і канкрэтнымі дзеяннямі», – кажа Угла.

Тэлеканал «Настоящее время» адправіў запыт у МЗС Швецыі і атрымаў такі адказ: «Мужчыны без запрашэння і дазволу праніклі на тэрыторыю пасольства Швецыі ў Менску. Гэтыя два чалавекі заявілі, што хочуць падаць заяву аб прадстаўленні прытулку ў Швецыі. Аднак заявы аб прадстаўленні прытулку, пададзеныя ў пасольстве Швецыі, ня могуць быць задаволеныя. Мы пастаянна працуем над гэтым пытаннем і вядзём дыялог з гэтымі двума людзьмі. Мы ня можам удавацца ў дэталі нашай працы».

У 2014 годзе падобная гісторыя адбылася ў Азербайджане. Крытыка прэзідэнта Ільхама Аліева, журналіста і праваабаронцу Эміна Гусэйнава абвінавацілі ў незаконным прадпрымальніцтве і ўхіленні ад выплаты падаткаў. Гусейнаў схаваўся ў пасольстве Швейцарыі ў Баку, лічачы, што яго пераследуюць па палітычных матывах.

Перамовы паміж Швейцарыяй і Азербайджанам доўжыліся амаль год, у выніку праваабаронца пакінуў Баку на самалёце швейцарскага міністра.

«У мяне анкалогія»

У пасольстве Кузнечыкі адчуваюць сябе ў бяспецы. Для іх адвялі пакой, дзе ёсць ложкі, душ, туалет, пральная машына, мікрахвалёўка, электрачайнік. Для заняткаў спортам – турнік, штанга, гіры. «Ежу гатуем самі, нават пірагі пячэм, вырабляем», – кажам Уладзіслаў Кузнечык. Тэлевізар і камп'ютар забароненыя, за навінамі бацька і сын сочаць пры дапамозе мабільных тэлефонаў.

«Самая галоўная праблема ў нас у тым, што і мне, і бацьку трэба медычнае абследаванне. У мяне анкалогія», – адзначае Уладзіслаў. У 2019 годзе медыкі выявілі ў яго злаякаснае новаўтварэнне апендыкса.

«Мне кожныя паўгода трэба абследавацца, – працягвае Кузнечык-малодшы. – Яшчэ ў мяне частковая атрафія зрокавага нерва. Гэта было пасля траўмы яшчэ ў падлеткавым узросце. Кожныя паўгода мне трэба класціся ў шпіталь, каб зрок не пагаршаўся. Я магу аслепнуць, у прынцыпе, на адно вока».

«У бацькі тут таксама была праблема – у яго моцна балеў жывот, на працягу тыдня ён нічога ня еў, тэмпература. Таксама пра гэта ўсё мы казалі работнікам амбасады, яны перадавалі ўладам Швецыі. Але ўлады Швецыі сказалі: «Нічым дапамагчы ня можам«. Мы таксама кажам, што мы нікуды выходзіць адсюль ня будзем, будзем тут да апошняга», – дадае Уладзіслаў.

Адвакат Вадзім Драздоў прасіў у пасольства Швецыі прадставіць лекараў Кузнечыкам. «Юрыдычна Швецыя ня мае юрысдыкцыі ў дачыненні да вашых кліентаў, і запыт на медычнае абслугоўванне выходзіць за рамкі часовай меры, указанай Камітэтам супраць катаванняў, – адказалі там. – Практычна пасольства Швецыі ў Менску ня можа даць вашым кліентам неабходную медычную дапамогу».

Уладзіслаў прызнаецца: «У нас няма мэты атрымаць палітычны прытулак. Мы ня думалі, што рэжым столькі пратрымаецца. Думалі, што да Новага году, можа, пратрымаецца, ну максімум да вясны [2021 года], і мы ўсё ж такі выйдзем адсюль, застанемся ў сваёй краіне са сваёй сямʼёй. Але, як тут відаць, усё зацягнулася, і невядома, колькі гэта яшчэ будзе доўжыцца».

У Беларусі ў Кузнечыка-малодшага засталіся жонка і двое дзяцей. Да пратэстаў 2020 году яны з бацькам займаліся дробным бізнесам.

«Мара – каб рэжым паў»

«Я лічу гэтую ўладу нелегітымнай, так як яны сфальсіфікавалі выбары 2020 году, нахабна абвясцілі нерэальныя працэнты – больш за 80% [за Лукашэнку]», – кажа Віталь Кузнечык.

«Я пайшоў пратэставаць, бо думаў пра будучыню сваіх дзяцей. Не хачу, каб яны жылі і ў іх не было права выбару. Калі ў цябе забіраюць гэта права, хочуць зрабіць з цябе раба – гэта не жыццё, – тлумачыць Уладзіслаў. – Відавочны факт, што перамагла Святлана Ціханоўская. Ёсць дадзеныя платформы «Голас« (туды выбарнікі дасылалі фатаграфіі бюлетэняў і копіі пратаколаў з участкаў – НВ), ёсць знаёмыя. З сотні сяброў-знаёмых за Лукашэнку галасавалі можа пару чалавек. А калі здарыліся гэтыя зверствы, думаю, наогул мала хто за яго застаўся».

«Цяпер сітуацыя ў Беларусі вельмі складаная, ідуць рэпрэсіі, знішчаецца грамадзянская супольнасць, знішчаюцца незалежныя СМІ. На дадзены момант мы марым аб тым, каб Лукашэнка сышоў у адстаўку, каб прыйшлі сумленныя незалежныя выбары, на якіх мы, народ, вызначым самі сабе годнага лідара. Мы хочам жыць у свабоднай дэмакратычнай краіне і не залежаць ад аднаго чалавека, які забраў уладу ў свае рукі», – дзеліцца сваімі марамі Віталь Кузнечык.

«Мая мара на дадзены момант – каб нарэшце рэжым паў, – кажа Уладзіслаў. – Каб адпусцілі ўсіх палітвязняў, каб усе, хто мае дачыненне да катаванняў, забойстваў, рэпрэсіям, адказалі за сваё».