Панядзелак, 15 Люты 2021

На 7,5% за год выраслі спажывецкія кошты ў Віцебскай вобласці. Бульба падаражэла на 70%

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Фота: Сяргей Серабро Фота: Сяргей Серабро

Спажывецкія кошты ў Віцебскай вобласці ў студзені 2021 году, нават паводле афіцыйнай статыстыкі, былі вышэйшыя за леташнія на 7,5%. Гэта самы высокі паказнік за апошнія чатыры гады, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».

Паводле Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці, у параўнанні са студзенем 2020 году паслугі і нехарчовыя тавары падаражэлі на 8,4%, а прадукты – на 6,8%. Такога росту спажывецкіх коштаў не назіралася ад 2016 году. Пры гэтым за першы месяц 2021 году цэны на харчовыя тавары ўжо паспелі вырасці на 1,6%, на нехарчовыя тавары – на 1,2%, а на паслугі – на 0,5%. Пры такіх тэмпах інфляцыі харчы могуць падаражэць да канца года на 19,2%.

Год таму мы публікавалі кошты на інгрэдыенты для папулярнага на постсавецкай прасторы салата «Аліўе». Зараз, калі параўнаць кошт прадуктаў, то высвятляецца, што традыцыйны навагодні салат падаражэў за год на амаль траціну.

  • Кілбаса вараная («Доктарская», 1 кг) – 8 рублёў 45 капеек (6 рублёў 35 капеек) – 33,1%;
  • Бульба (1 кг) – 1 рубель 11 капеек (65 капеек) – 70,8%;
  • Морква (1 кг) – 82 капейкі (49 капеек) – 67,3%;
  • Цыбуля (1 кг) – 1 рубель 15 капеек (79 капеек) – 45,6%;
  • Зялёны гарошак (1 слоік) – 1 рубель 55 капеек (1 рубель 49 капеек) – 4%;
  • Марынаваныя гуркі (850 грам) – 4 рублі 55 капеек (3 рублі 15 капеек) – 44,4%;
  • Яйкі (10 штук) – 2 рублі 20 капеек (2 рублі 21 капейка) – 0,5%;
  • Маянэз (200 грам) – 89 капеек (75 капеек) – 18,7%.

Як бачым, калі год таму згатаваць тазік салаты да навагодняй бяседы каштавала 15 рублёў 88 капеек, то зараз ужо 20 рублёў 72 капейкі. Рост за год склаў 30,5%.

Ашаламляе рост цаны на нацыянальны беларускі прадукт – бульбу, якая падаражэла больш чым на 70%, то бок больш чым на даляр.