Пятніца, 16 Жнівень 2019

Віцебскага Леніна з катом адрамантавалі: цяпер “правадыр” паказвае кулак

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Адноўлены "Ленін з катом" пагражае гораду Адноўлены "Ленін з катом" пагражае гораду

У траўні 2019 году анархісты адбілі Леніну руку, а кату – галаву. Яшчэ празь месяць нехта абліў скульптуру чырвонай фарбай. Некаторы час Ленін знаходзіўся пад чорным покрывам. Пасьля рамонту кампазыцыя зазнала зьмены: Ленін сьціснуў далонь у кулак…

Бэтонная скульптура “Ленін з катом” была ўсталяваная на ўскрайку лесу за чыгуначнай станцыяй “Лучоса” ў кастрычніку 2018 году. Яе аўтар – віцебскі мастак і паэт Ігар Высоцкі.

У траўні 2019 году некалькі мужчын, якія пазьней назвалі сябе анархістамі, адбілі “правадыру” руку, а кату – галаву. Мужчын знайшлі па запісах камэраў назіраньня і пакаралі за хуліганства. Але празь месяц Ільліча зноў апаганілі – невядомыя аблілі ягоную фігуру чырвонай фарбай.

Пасьля аднаўленьня скульптурная кампазыцыя зьмянілася.

Раней Ленін рабіў левай рукой указальны жэст кату, цяпер – пагражае кулаком у накірунку гораду (адтуль відаць віцебскі мікрараён “Мэдцэнтар”), а кот пазірае ўгару.

Колер Леніна таксама зьмяніўся: з “бронзы” на “мэталік”.

Леніна з катом аднавілі

У інтэрвію СМІ аўтар скульптуры прызнаваўся, што дазволу на ўсталяваньне кампазыцыі не атрымліваў. “Ленін з катом” стаіць на вуліцы Радаснай у дачным пасёлку за станцыяй “Лучоса”.

Зьміцер Міраш, фота аўтара