Пятніца, 28 Чэрвень 2019

Статкевіч і Афнагель у Віцебску. “Будзем чакаць, калі будуць Канстытуцыю зьмяняць?..”

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Мікалай Статкевіч і Яўген Афнагель. Фота: Ivan Ivanov Мікалай Статкевіч і Яўген Афнагель. Фота: Ivan Ivanov

Сустрэча зь лідэрамі Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалаем Статкевічам і Яўгенам Афнагелем адбылася ў Віцебску 26 чэрвеня. Паслухаць сталічных гасьцей прыйшло больш за 80 чалавек.

Сярод слухачоў былі людзі розных сацыяльных і ўзроставых групаў. Прыйшлі і даўнія партыйныя паплечнікі, і людзі, якія на падобныя сустрэчы раней не прыходзілі. Адзін хлопец перад пачаткам сустрэчы гучна заявіў, што ён на такой імпрэзе ўпершыню, але ён звычайны грамадзянін і ня ёсьць агентам КДБ: “Проста паслухаць Статкевіча прыйшоў”.

На сустрэчы прысутнічалі ня толькі віцябляне, але прыехалі людзі з Полацку, Бешанковічаў, вёсак Віцебскага раёна. Жывую трансьляцыю сустрэчы вёў аршанскі відэаблогер “Шэры Кот”.

Спачатку Мікалай Статкевіч і Яўген Афнагель падзяліліся думкамі аб палітычнай і эканамічнай сытуацыі ў краіне, распавялі пра мэты свайго візыту, закранулі тэму магчымых у будучым пратэставых акцый. Так, на іх думку, для зьмены ў краіне цяперашняга палітычнага рэжыму неабходна, каб на вуліцы краіны выйшла каля 3% незадаволенага насельніцтва.

Асноўная частка імпрэзы прайшла ў рэжыме “пытаньне-адказ”. Людзей цікавілі праблемы падатковай рэформы, уласнасьці на зямлю, адносінаў паміж палітычнымі лідэрамі і партыямі ды многае іншае. Зноў і зноў вярталіся да тэмы пратэстаў.

“А як сабраць гэтыя тры працэнты пратэстоўцаў у Віцебску? Я быў у 2017 годзе на плошчы ў Віцебску. Людзі сабраліся супраць Лукашэнкі, менавіта супраць дармаедзкага закона. Які нам патрэбны яшчэ штуршок, каб выйсьці на вуліцу? Будзем чакаць, калі будуць Канстытуцыю мяняць? Тады мы павінны выйсьці? – на эмоцыях пытаўся мужчына з апошніх шэрагаў.

Але самае цікавае пачало адбывацца ў канцы сустрэчы. Адзін са слухачоў выказаў прапанову не разыходзіцца проста так, а стварыць штаб, які будзе каардынаваць дзеяньні і аказваць інфармацыйную, дапамогу актывістам. Пасьля сустрэчы некалькі дзясяткаў чалавек засталіся ў залі і выказалі жаданьне ўвайсьці ў дадзены орган.

Падобныя сустрэчы апазыцыйныя палітыкі праводзяць у розных гарадах Беларусі цягам ужо двух месяцаў. Перад Віцебскам Статкевіч і Афнагель наведалі Наваполацак, дзе таксама сабралі поўную залю.

Уладзімер Бяляўскі