Панядзелак, 30 Ліпень 2018

Царква пракамэнтавала ўдзел віцебскага сьвятара ў прарасейскай палітычнай імпрэзе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як паведамлялася, нядаўна арганізатар «Рускіх маршаў» і кандыдат у прэзыдэнты Расеі Аляксандр Бабурын стварыў у Беларусі палітычны рух для «паскарэньня інтэграцыі». Удзел у сумнеўным мерапрыемстве ўзялі прадстаўнікі ЛДПБ, «Гавары праўду», камуністы і шэраг чарнасоценных арганізацыяў накшталт «Румола». Адметна, што ўдзельнічалі і прадстаўнікі віцебскага праваслаўнага духавенства.

Некаторыя клірыкі проста засьвяціліся ў кампаніі Бабурына, іншыя – дабраслаўлялі ўдзельнікаў зьезду ці наўпрост на ім выступалі, як, напрыклад, настаяцель віцебскага катэдральнага храму айцец Міхаіл Мартыновіч.

Што гэта было? На гэтае пытаньне адказаў старшыня інфармацыйнага сынадальнага аддзелу БПЦ Сяргей Лепін.

«Беларуская праваслаўная царква ажыцьцяўляе сваё служэньне з разьлікам на тое, што незалежнасьць Беларусі зьяўляецца нашай усеагульнай канстытуцыйнай каштоўнасьцю. У сваім выступе а. Андрэй [сьвятар, які выступіў на зьезьдзе] зрабіў акцэнт на духоўна-гістарычным адзінстве беларускага і расейскага народаў, а не на палітычным. Айцец Міхаіл таксама казаў пра яднаньне, а не аб'яднаньне нашых народаў і дзяржаў. Гаворка ішла пра неабходнасьць прытрымлівацца маральных апор і памятаць урокі гісторыі. Ну і выдатна! Давайце прытрымлівацца і памятаць. Я гатовы выказаць падтрымку надзеі на тое, што паміж трыма нашымі краінамі будзе мір, добрасуседзтва, узаемапавага ды ўсё іншае, што адпавядае ідэі саюзьніцтва», – сказаў Лепін.

«Меркаваньне ж аднаго з клірыкаў Віцебскай епархіі БПЦ пра тое, што Беларусь, Украіна і Расея павінны быць адной дзяржавай, ёсьць, у першую чаргу, асабістым меркаваньнем гэтага сьвятара, хаця яно і было выказанае ў катэгорыях неабходнасьці і абавязковасьці. З пункту гледжаньня маралі царквы ў гэтым пытаньні ніхто нікому нічога не павінен, акрамя любові», – падсумаваў Лепін.

Паводле: АЯ, nn.by