Субота, 03 Люты 2018

У больш люднае месца. Крама “Князь Вітаўт” пераехала

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Аб пярэбарах крамы “Князь Вітаўт” яе супрацоўнікі паведамілі ў сацсетках яшчэ 1 лютага. Але куды менавіта яна пераедзе, было да апошняга часу невядома. Цяпер дазналіся: “Князь Вітаўт” будзе разьмяшчацца на другім падземным узроўні піраміды “Марка-сіці”.

Крама нацыянальных рэчаў і сувэніраў “Князь Вітаўт” пераехала ў павільён №33 “мінус другога” ўзроўню піраміды. У бліжэйшым суседзтве – касмэтычная крама “Алегра” і віцебскі “Сэкс-шоп”.

“Князь Вітаўт” перабраўся ў “Марка-сіці” выключна з маркетынгавых меркаваньняў. На думку ўладальнікаў крамы, піраміда – больш зручнае месца для гандлю.

"Князь Вітаўт" перабраўся ў піраміду

“Праблема гандлёвай кропкі на праспэкце Фрунзэ была ў тым, што туды не даходзіў турыстычны паток. У “Марка-сіці” наведнікаў будзе больш. Спадзяемся, крама будзе больш запатрабаваная. Да таго ж у пірамідзе таньнейшая арэнда”, – патлумачылі.     

Паведамілі таксама, што калі пасьпеюць уладкавацца на новым месцы, то крама адчыніцца для наведнікаў ужо ў панядзелак 5 лютага. Запрашаюць на ўлазіны.

Нагадаем, “Князь Вітаўт” адкрыўся ў Віцебску напрыканцы жніўня 2017 году. У краме можна набыць адзеньне, кубкі, гадзіньнікі ды іншыя сувэніры ў нацыянальным стылі – з Пагоняй, вышыванкамі і г.д. Тут прадаецца захапляльная настольная гульня “Мова” і мапа Беларускай Народнай Рэспублікі. У краме таксама ладзіліся цікавыя культурніцкія імпрэзы: выступ вакаліста гурту Dzieciuki Алеся Дзянісава, сустрэча з пісьменьнікамі Альгердам Бахарэвічам, Вальжынай Морт і Юліяй Цімафеевай.

Паказальна, што новую старонку сваёй гісторыі ў Віцебску “Князь Вітаўт” адкрывае ў год 100-й гадавіны БНР.

Зьміцер Міраш, фота аўтара