Нядзеля, 30 Верасень 2012

Віцебскі палітык Сяргей Рыжоў судзіцца з фармацэўтамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Сяргей Рыжоў Сяргей Рыжоў

Віцебскі абласны суд накіраваў грамадзянскую справу па пазове заснавальніка Беларускай кансэрватыўнай партыі “Белая Русь” Сяргея Рыжова да віцебскага прадпрыемства «Фармацыя» ў суд Віцебскага раёну. Слуханьне адбудзецца 3 кастрычніка. Сяргей Рыжоў лічыць, што адказчык парушыў ягонае права спажыўца на свабодны выбар тавару і гэтым прычыніў яму маральную шкоду. Канфлікт здарыўся, калі ў адной з аптэк, якая належыць віцебскаму прадпрыемству «Фармацыя», аптэкар-правізар адмовіў Рыжову ў набыцьці лекавага сродку «Аксікорт» без рэцэпту.

 

Кіраўніцтва «Фармацыі» прызнала факт парушэньня правілаў водпуску лекавых прэпаратаў работнікам прадпрыемства (мазь «Аксікорт» адпускаецца без рэцэпту). Але ў судзе Першамайскага раёну Віцебску, дзе 10 верасьня адбылося папярэдняе паседжаньне, прадстаўнікі адказчыка адмовіліся прызнаваць пазоўныя патрабаваньні.

Рыжоў патрабаваў спагнаць з уладальніка аптэкі тры тысячы рублёў – розьніцу ў кошце лекаў, якія ў выніку ён набыў у іншай аптэцы, а таксама выдаткі, панесеныя ім пры падрыхтоўцы пазоўнай заявы, у памеры 49 тыс. 200 рублёў. Акрамя таго, Рыжоў настойваў на кампэнсацыі маральнай шкоды, нанесенай яму прадпрыемствам «Фармацыя», у памеры адной базавай велічыні. Ён таксама прасіў суд вынесьці асобнае вызначэньне ў адрас адказчыка аб недапушчальнасьці парушэньня Закону № 90-З «Аб правох спажыўца» і іншых нарматыўных дакумэнтаў.

Справу Рыжова аб абароне правоў спажыўца 10-11 верасьня пачаў разглядаць суд Першамайскага раёну Віцебску. Але на другі дзень папярэдняга працэсу судзьдзя Натальля Броўка паведаміла, што справа будзе накіраваная ў абласны суд для перадачы ў іншы раённы суд. Такое рашэньне яна абгрунтавала тым, што загадчык аптэкі № 127, дзе, на думку Рыжова, былі парушаныя ягоныя правы, знаходзіцца ў сваяцкіх стасунках з судовым выканаўцам суду Першамайскага раёну.

На гэтую акалічнасьць у першы дзень папярэдняга пасяджэньня неаднаразова паказваў Сяргей Рыжоў. Паводле ягоных слоў, судзьдзя ўзяла гэты факт пад увагу толькі пасля таго, як Рыжоў перасьцярог, што пісьмова зьвернецца ў міжнародныя інстанцыі аб уключэньні судзьдзі ў сьпіс невыязных асобаў у краіны ЭС. Да гэтага Сяргей Рыжоў заяўляў чатыры разы адводы судзьдзі, усе былі адхіленыя.

На думку Рыжова, папярэдні працэс у Першамайскім судзе Віцебску праходзіў са шматлікімі парушэньнямі. Суд адмовіў пазоўніку ў даследаваньні ўсіх абставінаў справы, якія маюць першачарговае значэньне для вынясеньня аб’ектыўнага рашэньня. Судзьдзя неаднаразова адмаўляла ў задавальненьні законных патрабаваньняў Рыжова выклікаць у якасьці сьведкаў тых асобаў, якія сталі відавочцамі маральных пакутаў, якія нанёс пазоўніку работнік аптэкі.

У сваім блогу Сяргей Рыжоў рэзка ацэньвае стаўленьне да яго ў судзе як «блюзьнерскі і вытанчаны зьдзек над законапаслухмяным грамадзянінам», а сам папярэдні працэс называе «вакханаліяй»: «І гэтая вакханалія праходзіла штодня на працягу многіх гадзін пад сьцягам і гербам Радзімы пазоўніка ў залі суду Рэспублікі Беларусь!»

Цяпер справу разгледзіць суд Віцебскага раёну, куды яго перанакіраваў Віцебскі абласны суд. «Мяркуючы па грозным суправаджэньні за подпісам старшыні аблсуду Мікалая Хамічонка, у якім ён патрабуе паведаміць аб выніках “без паўторнага напаміну”, працэс абяцае быць цікавым – як па якасьці выкананьня судом заканадаўства, так і па ягоных рашэньнях. Бо я зьбіраюся пашырыць патрабаваньні і вылучыць у межах гэтай справы асобную – аб прызнаньні дзеяньняў віцебскіх мэдыкаў палітычна матываванымі, якія наносяць наўмысную шкоду майму здароўю. З гэтай нагоды я ўжо даслаў пісьмовую скаргу ў Сусьветную арганізацыю аховы здароўя ў Жэнэву, але адказу так і не было. На жаль…» – пракамэнтаваў сытуацыю для «Дыялёгу» Сяргей Рыжоў.

Дыялёг