Пятніца, 25 Снежань 2015

Жыхары вёскі ў Віцебскім раёне наракаюць на стан дарогі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паводле словаў жыхароў вёскі Бенцяі, у сухое надвор'е да населенага пункту яшчэ можна даехаць без прыгодаў, але ў веснавую ці восеньскую бездараж грунтавая дарога нагадвае франтавую: аўто гразнуць у гразі, разьбітая сельгастэхнікай, яна не пакідае легкавікам нават шанцу для манэўру.

«Некалькі разоў дарожнікі спрабавалі параўнаваць палатно, засыпалі яміны і калюжыны, – распавядае старэйшына вёскі Раіса Марэцкая (на здымку справа), – праўда, усё ненадоўга. Літаральна праз пару месяцаў на месцы старых калдобін зьяўляюцца новыя. Па нашай бездаражы нават адмаўляюцца езьдзіць кіроўцы рэйсавых аўтобусаў, трактарам і тым складана праехаць».

Цэнтар вёскі таксама перакапаны глыбокімі каляінамі. З гэтым участкам дарогі наогул парадокс: калі на галоўных вуліцах ляжыць асфальт, то на гэтыя некалькі сотняў мэтраў як быццам забыліся.

Паралельна з праблемай дарог Раіса Хведараўна спрабуе вырашыць яшчэ адну – гэта благая мабільная сувязь. У XXI стагодзьдзі ўсяго ў некалькіх дзясятках кілямэтраў ад райцэнтру датэлефанавацца куды-небудзь часам немагчыма. Часьцяком, каб зрабіць званок, даводзіцца выходзіць з дому і шукаць узвышша, каб злавіць сыгнал з вышкі. Апрача таго, складана ў вёсцы аплачваць пакупкі і камунальныя паслугі праз банкаўскія плястыкавыя карткі. З прычыны пастаянных збояў тэрміналк часта гэтыя апэрацыі не даступныя.

«Ёсьць праблемныя сытуацыі, вырашыць якія можна ўласнымі сіламі, не прыцягваючы чыноўнікаў, – кажа Раіса Марэцкая. – Гэта тычыцца навядзеньня парадку на прысядзібных участках, залагоджваньня асобасных канфліктаў сярод аднавяскоўцаў і іншых бытавых нюансаў. На жаль, дарожнае пытаньне мы ня ў стане вырашыць выключна сваімі сіламі...»

Алена Чаплева, Жыццё Прыдзвіння