Аўторак, 27 Лістапад 2012

У Віцебску адмянілі выставу неўпадабанага ўладамі мастака

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксей Марачкін Аляксей Марачкін

За пяць дзён да адкрыцьця заплянаванай выставы вядомага мастака Аляксея Марачкіна (Алеся Мары) ў ВДУ імя Машэрава кіраўніцтва мастацка-графічнага факультэту адмовіла ў яе правядзеньні. Адкрыцьцё выставы Аляксея Марачкіна «Вяртаньне» мелася адбыцца 30 лістапада. Куратарка выставы Кацярына Мясьнікава кажа, што ўсе тэрміны ўзгадняліся загадзя:

«Адкрыцьцё выставы Аляксея Марачкіна “Вяртаньне” было заплянаванае належным чынам, мы ўжо далі абвесткі ў мясцовыя газэты. Але патэлефанаваў дэкан мастацка-графічнага факультэту ВДУ Дзьмітры Сянько і паведаміў, што выстава адмяняецца. Прычына — занятасьць залі. Пра перанос тэрмінаў гаворкі не было, так што трэба разумець, што адмова — катэгарычная. Хоць яшчэ ў мінулую пятніцу загадчык катэдры Генадзь Ісакаў запэўніваў, што ўсё ідзе як мае быць».

Карціны для экспазыцыі павінны былі прыбыць у Віцебск раніцай 26 лістапада. Даведаўшыся пра адмену выставы, Аляксей Марачкін пасьпеў у апошні момант выгрузіць іх з машыны, якую даў Саюз мастакоў. Прабачэньня за раптоўную адмену выставы ніхто не папрасіў. З ВДУ нават не патэлефанавалі, каб папярэдзіць.

Сам Аляксей Марачкін у разгубленасьці: «Падабраў работы, каб там не было нонканфармізму, які так не падабаецца некаторым арганізатарам. Узяў раньнія працы зь віцебскага пэрыяду. І самае цікавае – эцюд нашага пэдагога Аляксандра Гаўрушкі. Якое ж было зьдзіўленьне, калі мне паведамілі, што ня могуць прыняць маю выставу!..» – кажа мастак.

«Я лічу, што тут няма ніякага апраўданьня. Мне думаецца, што тут прычына ў маёй асобе. І што некаторыя перастрахоўшчыкі вырашылі са мной ня зьвязвацца. Як я думаю, ідэолягі і “энкэвэдысты” проста адсочваюць інфармацыю на сайтах у інтэрнэце. Я быў нязручны для іх. І гэта асноўная прычына», – мяркуе аўтар «Мірона».

Аляксей Марачкін кажа, што Віцебск для яго родны горад. Ён быў у ліку першых выпускнікоў віцебскага худграфу. Менавіта да 50-годзьдзя першага выпуску факультэту і прымяркоўвалася выстава «Вяртаньне», ідэя якой была агучаная сёлета на сустрэчы выпускнікоў і падтрыманая дэканам факультэту. Яе плянавалі правесьці на пачатку лістапада, але Марачкін папрасіў перанесьці на апошні дзень восені.

«Канешне, мне хацелася выставіцца, але я ўжо рабіць там выставу ня буду. Усё! Закрытая для мяне тэма. І ня тое, што я пакрыўджаны, я ўжо прывык да гэтага, але… гэта проста непрыгожа. Сапраўды: няма прарока ў сваёй Айчыне…» – засмучаны мастак.

Цяпер надзеі на «Вяртаньне» Аляксея Марачкіна віцебскія мастакі і аматары жывапісу ўскладаюць на мастацкі музэй, дзе, са слоў Кацярыны Мясьнікавай, паабяцалі арганізаваць выставу, калі знойдзецца якая «дзірка» ў графіку музэйных мерапрыемстваў. Дарэчы, Аляксей Марачкін зьяўляецца ўдзельнікам першага Шагалаўскага пленэру ў Віцебску.

Паводле “Віцебскага кур’ера” і Радыё Свабода