Панядзелак, 04 Сакавік 2013

Дырэктар “Славянскага базару” напісаў заяву аб звальненьні

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Радзівон Бас Радзівон Бас

Нязьменны шматгадовы дырэктар міжнароднага фэстывалю “Славянскі базар у Віцебску”, дырэктар Цэнтру культуры “Віцебск” Радзівон Бас падаў 1 сакавіка заяву аб звальненьні. Адначасова зь ім падала заяву на звальненьне і галоўны бухгальтар установы. На думку віцебскіх прадстаўнікоў грамадзкасьці, неўзабаве могуць быць і іншыя заявы аб звальненьні, паведамляе ІА Regnum.

Гэты крок Баса, паводле неафіцыйнай інфармацыі, зьвязаны з тым, што некаторы час таму яго першым намесьнікам замест Вольгі Сальнікавай (адначасова і жонкі Р. Баса) быў прызначаны намесьнік начальніка ўпраўленьня культуры Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Сідарэнка. Акрамя таго, апошнім часам узмацнілася крытыка з боку ўладаў фармату і ўзроўню правядзеньня “Славянскага базару”, у тым ліку і “засільля расейскай эстрады”.

Між тым, пра тое, што дырэктар «Славянскага базару» напісаў заяву аб звальненьні, у цэнтры культуры “Віцебск” чуюць упершыню. “Радзівон Міхайлавіч на бальнічным. Ён зараз ляжыць у шпіталі. А дзе можна пачытаць, што ён напісаў заяву? Мы ня ў курсе”, - пракамэнтавала падзею Вольга Сальнікава, жонка Радзівона Баса.

“Славянскі базар”, які сваім існаваньнем абавязаны шмат у чым менавіта Радзівону Басу (атрымаў званьне ганаровага грамадзяніна Віцебску), зьяўляецца найбуйнейшым фэстывалем мастацтваў, што даўно атрымаў міжнароднае прызнаньне і вядомасьць. Зьмена кіраўніцтва фэстывалю за тры месяцы да яго пачатку ставіць правядзеньне сьвята пад пагрозу. Сідарэнка, які дагэтуль меў толькі досьвед працы па лініі БРСМ і моладзевай палітыкі, уяўляецца абсалютна нераўнацэннай заменай Басу - колькі б крытычных заўваг у адрас апошняга не выказвалі.

Прадстаўнікі сфэры культуры Віцебску і многія месьцічы вельмі занепакоеныя падзеямі, якія адбываюцца ў дырэкцыі “Славянскага базару”. Улады гораду ўхіляюцца ад камэнтароў. Прэс-служба міністэрства культуры таксама пакуль ніякіх афіцыйных камэнтароў з гэтай нагоды не дае.

На прэс-канфэрэнцыі ў Менску 15 студзеня Аляксандар Лукашэнка даручыў новаму міністру культуры Барысу Сьвятлову рэфармаваць фэстываль “Славянскі базар”. «Хацелася б, каб мы там нешта ўбачылі новае. Калі мы бачым на РТР, ОРТ, АНТ, як дублююцца адны і тыя ж артысты з тымі ж заезжанымі пад фанаграму музычнымі кампазыцыямі, я гэта ўспрымаю крытычна. Нам трэба нешта ў гэтым пляне рэфармаваць, - сказаў тады Лукашэнка. - Я абавязкова папрашу новага міністра культуры заняцца гэтым пытаньнем».

Адстаўка Баса адбылася неўзабаве пасьля таго, як намесьнік старшыні ўраду Беларусі Анатоль Тозік 22 лютага правёў паседжаньне аргкамітэту па падрыхтоўцы і правядзеньні ХХІІ міжнароднага фэстывалю “Славянскі базар у Віцебску”, абмеркаваўшы канцэптуальныя падыходы ў правядзеньні фэстывалю і праграму яго асноўных мерапрыемстваў. Фэстываль заплянаваны на 11-17 ліпеня 2013 году, старшынём арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы і правядзеньні фэстывалю зьяўляецца Тозік. Сярод асноўных мерапрыемстваў фэстывалю - гала-канцэрты адкрыцьця і закрыцьця, канцэрты майстроў мастацтваў Беларусі, Расеі, Украіны, Саюзнай дзяржавы, ХХII Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песьні “Віцебск - 2013″, XI Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск - 2013″, Дзень моладзі, тэатральныя і кінапраекты, асобныя творчыя акцыі.

Паводле ІА Regnum і “Камсамольскай праўды ў Беларусі”