Нядзеля, 12 Май 2013

Санстанцыя пераконвае палітыка ў тым, што ў Віцебскім ІЧУ сядзельцы знаходзяцца ў добрых умовах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Правёўшы пяць сутак у Віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) за раздачу ўлётак з запрашэньнем на акцыю 25 сакавіка, абласны кіраўнік партыі БНФ Леанід Аўтухоў вымушаны быў зьвярнуцца да лекараў. Паводле палітыка, у ІЧУ ён быў дастаўлены зусім здаровым, а як выйшаў стуль, лекары паставілі яму дыягназ «інфэкцыйная ангіна». На думку Леаніда Аўтухова, інфэкцыю ён, найхутчэй, падчапіў у ІЧУ, таму папрасіў санстанцыю праверыць на адпаведнасьць санітарным нормам умовы ўтрыманьня грамадзян у ізалятары.

«Мяркую, што я заразіўся інфэкцыйным захворваньнем, знаходзячыся пад вартай у ІЧУ, з-за халатнасьці яго работнікаў і неналежнай арганізацыі кіраўніцтвам установы падтрыманьня санітарна-эпідэміялягічных нормаў у Віцебскім ІЧУ. Улічваючы, што ў ІЧУ штодня зьмяшчаецца значная колькасьць грамадзян, гэтая ўстанова можа стаць крыніцай масавага заражэньня людзей», – гэтак патлумачыў Леанід Аўтухоў прычыну свайго звароту ў абласны цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя.

Надоечы палітык атрымаў адказ на свой зварот. Намесьнік галоўурача Віцебскага абласнога цэнтру гігіены Аляксей Адзееў паведаміў, што быў праведзены агляд санітарна-гігіенічнага стану ІЧУ. Якіх-кольвек парушэньняў ня выяўлена: камэры абсталяваныя ўсім неабходным, тэмпэратура ў іх на момант абсьледаваньня складала +20 – +22оС.

«Усе асобы, дастаўленыя ў ізалятар, перад разьмяшчэньнем іх па камэрах, апытваюцца мэдычным працаўніком або дзяжурным пра стан здароўя і аглядаюцца на каросту, пэдыкулёз, інфэкцыйныя захворваньні… Скаргаў на стан здароўя Вашы сукамэрнікі не прад’яўлялі, хуткая дапамога да іх не выклікалася… Згодна з дадзенымі журналаў “Першаснага агляду і рэгістрацыі аказаньня мэдычнай дапамогі асобам, дастаўленым у ІЧУ”, “Уліку выклікаў хуткай мэдычнай дапамогі”, “Уліку інфэкцыйных захворваньняў” за мінулы пэрыяд 2013 году выпадкаў інфэкцыйных захворваньняў не зарэгістравана», – паведаміў намесьнік галоўурача Аўтухову.

Такім чынам, выходзіць, што віцебскі кіраўнік партыі БНФ, патрапіўшы ў ІЧУ, апынуўся ледзь не ў санаторыі. Аднак застаецца пытаньне: калі ўсё гэтак добра, дык што ж тады стала прычынай інфэкцыйнай хваробы пасьля пяці дзён, праведзеных у ізалятары?