Пятніца, 31 Май 2013

Улады ня хочуць, каб Смаляны сталі турыстычнай «Мэкай»?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Улады ня хочуць, каб Смаляны сталі турыстычнай «Мэкай»? Фота: orsha.eu

Старшыня Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леанід Аўтухоў атрымаў адказ на свой зварот на імя губэрнатара Аляксандра Косінца наконт захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны ў мястэчку Смаляны пад Воршай. Як вынікае з адказу за подпісам намесьніка старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Цярэнцьева, з трох просьбаў, выказаных у звароце, улады вобласьці вырашылі задаволіць толькі адну.

Партыйны лідэр зьвярнуўся да старшыні аблвыканкаму пасьля таго, як без правядзеньня археалягічных дасьледаваньняў кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства «Смаляны» загадала зьнесьці колішні будынак кляштару дамініканцаў XVIII ст. у ахоўваемай зоне касцёлу Найсьвяцейшай Панны Марыі. Неўзабаве дзякуючы пратэстам краязнаўцаў і грамадзкіх актывістаў поўнае зруйнаваньне будынку было спыненае. Тым ня менш застаецца небясьпека таго, што справа па зьнішчэньні гісторыка-культурнай каштоўнасьці будзе працягнутая – цяпер ужо рукамі «чорных капальнікаў».

На думку Леаніда Аўтухова, каб прадухіліць далейшае разбурэньне гістарычнай спадчыны, трэба каб улады тэрмінова ўмяшаліся ў сытуацыю. Яго зварот у аблвыканкам зьмяшчаў у сабе тры патрабаваньні:
1. правесьці археалягічныя дасьледаваньні комплексу дамініканскага кляштару ў Смалянах з абавязковым прыцягненьнем спэцыялістаў Акадэміі навук Беларусі;
2. неадкладна прыняць праграму па ахове і рэстаўрацыі ўсіх помнікаў, што знаходзяцца ў Смалянах;
3. распрацаваць паўнавартасную праграму па стварэньні ў Смалянах турыстычна-экскурсійнага цэнтру Аршанскага раёну.

Са згаданых трох патрабаваньняў было выкананае, і тое фармальна, толькі першае: адмыслоўцы Акадэміі навук сапраўды выехалі на месца і далі сваё заключэньне. Праўда, наўрад ці «дасьледаваньне катлаванаў і грунту» можна лічыць паўнавартасным археалягічным дасьледаваньнем комплексу кляштару, аб якім прасіў актывіст партыі БНФ.

Выснова, зробленая вучонымі, не ўсяляе аптымізму: «Падчас дасьледаваньня катлаванаў і грунту супрацоўнікамі Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі культурны пласт і археалягічныя знаходкі ня выяўленыя. У падмурку будынку былых сельскагаспадарчых майстэрань зафіксаваныя адзінкавыя экзэмпляры цэглы, якія могуць датавацца XVIII ст. Таксама было зазначана, што гэтая пабудова страціла архітэктурныя асаблівасьці падчас пажараў, перабудоў і нямэтавага выкарыстаньня», – гаворыцца ў лісьце, атрыманым з аблвыканкаму.

Што тычыцца астатніх патрабаваньняў Леаніда Аўтухова, то яны, па сутнасьці, былі цалкам праігнараваныя. Так, адмысловую праграму па стварэньні ў Смалянах турыстычна-экскурсійнага цэнтру ніхто, падаецца, распрацоўваць не зьбіраецца. Бо, на думку чыноўнікаў, дастаткова таго, што «г.п. Смаляны ўваходзіць у склад Аршанска-Копыскай культурна-турыстычнай зоны з цэнтрам у г. Воршы».

Таксама, відаць, найбліжэйшым часам не зьявіцца і праграма па ахове і рэстаўрацыі ўсіх, а не аднаго асобна ўзятага помніку ў Смалянах. Намесьнік старшыні аблвыканкаму паведаміў Леаніду Аўтухову, што яшчэ ў 2011 годзе была зацьверджаная праграма па захаваньні гісторыка-культурнай спадчыны Аршанскага раёну на 2011-2015 гады. Ці згадваюцца ў гэтай праграме памятныя мясьціны, што знаходзяцца ў Смалянах, чыноўнік не паведаміў.

Затое «руіны замку Белы Ковель уключаныя ў дзяржпраграму “Замкі Беларусі”», – напісаў прадстаўнік уладаў у адказ на зварот партыйнага актывіста. Гэта, вядома, добра; аднак замак – далёка не адзіны архітэктурны помнік у мястэчку, якое, паводле Леаніда Аўтухова, магло б стаць турыстычнай «Мэкай» усходняй Беларусі. Ёсьць у Смалянах яшчэ і згаданыя дамініканскі кляштар, ад будынку якога засталося толькі 20%, і касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, ёсьць і Сьвята-Аляксееўская Царква XIX ст., якая таксама знаходзіцца ў занядбаным стане. Толькі вось лёс пералічаных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, здаецца, мала хвалюе чыноўнікаў зь віцебскага аблвыканкаму.