Пятніца, 31 Май 2013

Габрэйская канфэрэнцыя “Арт-Лімуд” праходзіць у Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

З 31 траўня па 2 чэрвеня ў Віцебску праходзіць габрэйская міжнародная адукацыйна-культурна-забаўляльная канфэрэнцыя «Арт-Лімуд Беларусь». Гэткая канфэрэнцыя адбываецца ўпершыню ў Беларусі. Яна зарганізаваная ў межах міжнароднага адукацыйнага праекту «Лімуд-СНД» для габрэйскай моладзі краін былога СССР.

«Лімуд» перакладаецца з іўрыту як «вучэньне». У Віцебску зьбяруцца каля 500 чалавек з усіх абласьцей Беларусі, а таксама з Ізраіля, Летувы, Малдовы, Расеі, ЗША, Украіны і шэрагу іншых краін. Для канфэрэнцыі арэндаваны гатэль “Віцебск”, частка мерапрыемстваў ладзіцца ў тэатры Якуба Коласа. У праграме экскурсіі, трэнінгі, майстар-клясы, канцэрты, выставы і лекцыі на розныя тэмы - ад пытаньняў духоўнасьці да таямніцаў нацыянальнай кухні і акупунктуры.

«Арт-Лімуд Беларусь» прапануе сваім удзельнікам каля 150 сэсіяў, адначасова будуць праходзіць да 7 мерапрыемстваў. На думку амбасадара Ізраіля ў Беларусі Ёсіфа Шагала канфэрэнцыя «Арт-Лімуд Беларусь» у Віцебску можа стаць самай значнай падзеяй у навукова-культурным і грамадзкім жыцьці габрэйскай грамады Беларусі.

Саюз беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадаў выступае генэральным партнэрам канфэрэнцыі. Таксама партнэрамі зьяўляюцца амбасада Дзяржавы Ізраіль у Беларусі, Віцебскі аблвыканкам, Віцебскі гарвыканкам, прадстаўніцтва Амэрыканскага габрэйскага аб’яднанага разьмеркавальнага камітэту “Джойнт” у Беларусі, Рэлігійнае аб’яднаньне грамадаў прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі і іншыя арганізацыі.

Крыніца: Народныя навіны Віцебска