Серада, 25 Верасень 2013

Віцебскі журналіст Уладзімер Жыгулоў атрымаў адказ з Генпракуратуры па справе аб зьнікненьні яго сына

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Уладзімер Жыгулоў Уладзімер Жыгулоў

Генэральная пракуратура паведаміла, што зварот аб непрыняцьці мер па вышуку зьніклага ў 1998 годзе сына, які Ўладзімер Жыгулоў перадаў некалькі месяцаў таму ў рукі галоўнага інспэктара па Віцебскай вобласьці Мікалая Дамашкевіча, будзе накіраваны ў пракуратуру Віцебскай вобласьці для праверкі выкладзеных у ім довадаў.

«Пры разглядзе звароту запатрабаваныя і вывучаныя крымінальная справа па факце разбойнага нападу… зьдзейсьненага ў ноч на 19 траўня 1998 году на дарозе Берасьце-Менск арганізаванай злачыннай групай з прымяненьнем гвалту, небясьпечнага для жыцьця і здароўя пацярпелых, выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі, завалоданьнем маёмасьцю ў асабліва буйным памеры… крымінальная справа ў дачыненьні да Жыгулова А.У. і іншых асоб… крымінальная справа па факце невядомага зьнікненьня Жыгулова А.У., а таксама вышуковыя справы», - гаворыцца ў адказе з Генпракуратуры за подпісам начальніка ўпраўленьня па наглядзе за выкананьнем заканадаўства Сьледчым камітэтам Рэспублікі Беларусь Ігара Сеўрука.

«З матэрыялаў спраў бачна, што Жыгулоў А.У. хаваўся ад органа крымінальнага перасьледу, у апошні раз яго бачылі ў лістападзе-сьнежні 1998 году ў г. Маскве», - прыйшлі да высновы ў Генпракуратуры.

Уладзімер Жыгулоў называе гэты адказ «чарговай зьдзеклівай адпіскай, якая практычна нічым не адрозьніваецца ад ранейшых»: «Хто бачыў у гэты пэрыяд майго сына ў Маскве? Ён да гэтага часу быў ужо ў вышуку. Чаму, калі яго бачылі, не затрымалі?.. Але ніхто і ня бачыў? Боо гэта я ім і казаў пра Маскву, з маіх слоў і запісана. І цяпер яны мне штораз гэта паўтараюць!.. Так, ён быў абвешчаны ў вышук, але яго ніхто не шукаў…».

«Па сутнасьці справы яны не адказалі на ніводнае пытаньне, якое я задаў ў звароце Дамашкевічу. Гэтак і застаецца таямніцай, хто ж зьдзейсьніў злачынства пад Стоўбцамі ў 1998 годзе…» - кажа Ўладзімер Жыгулоў.

Пасьля атрыманага адказу бацька зьніклага прыняў рашэньне не пісаць больш скаргаў і зваротаў у розныя інстанцыі: «Я стаўлю на гэтым крыж - зьвяртацца больш бессэнсоўна. Будзе іншая ўлада - будзем размаўляць…».

Нагадаем, 32-гадовага Аляксандра Жыгулова абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні разбойнага нападу ў складзе злачыннай групы з мэтай завалоданьня маёмасьцю ў асабліва буйным памеры ў верасьні 1998 году. У гэтым жа месяцы яго аб’явілі ў вышук як абвінавачанага, які хаваецца ад сьледзтва. 12 гадоў Жыгулова «шукалі» як злачынцу і 3 гады - як бязь вестак зьніклага (у 2011 годзе пракуратура адмяніла крымінальны перасьлед «за адсутнасьцю складу злачынства»). Хто зьдзейсьніў напад каля вёскі Коласава 15 гадоў таму - дагэтуль невядома.

Віцебскі кур’ер