15 ліпеня на чыгуначным пераезьдзе «Харобрава» пры ўезьдзе ў Воршу былі затрыманыя распаўсюднікі расейскіх сьцяжкоў. Высьветлілася, што распаўсюджвалі сьцяжкі жыхары Барысава — Максім Андрэевіч Ціханаў, 1989 году нараджэньня, і Павал Васільевіч Жыльцоў, 1977 году нараджэньня, абодва глуханямыя. Іх чакае суд.

Віцебскі палітык Аляксандар Кірылаў абураецца тым, што адбываецца ў Чыгуначнай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Ён сьцьвярджае, што старшыня гэтай арганізацыі Ірына Канаплёва распальвае міжнацыянальную варожасьць. Паводле слоў палітыка, Канаплёва ня раз адмаўляла грамадзянам у атрыманьні дапамогі на падставе іх нацыянальнай прыналежнасьці.

Дзяяч расейскага руху зь Віцебску Андрэй Герашчанка даў вялікае інтэрвію сайту imperiya.by. Кіраўнік Каардынацыйнай рады расейскіх суайчыньнікаў Беларусі разважаў аб культуры, пазыцыі Беларусі і ўкраінскай «хунце».

На Прывакзальнай плошчы ў Віцебску група невядомых асобаў распаўсюджвала сярод мясцовых аўтамабілістаў дзяржаўныя расейскія сьцяжкі. Чалавек з заплечнікам прапаноўваў сымболіку суседняй дзяржавы кіроўцам, што спыніліся на сьветлафоры каля трамвайнага прыпынку на вуліцы Касманаўтаў.

Гэтую акцыю назіраў віцебскі праваабаронца Павал Левінаў. У камэнтары ён адзначыў, што год таму яшчэ не зьвярнуў бы ўвагі на такую акцыю. Але цяпер яго насьцярожыла тое, што Расея фактычна вядзе вайну супраць Украіны. Таму Павал Левінаў затэлефанаваў у міліцыю і паведаміў пра парушэньне.