Друкаваць гэтую старонку
Серада, 29 Чэрвень 2022

Вандалізм «русского мира» на Кабыляцкай гары

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Помнік расстраляным падчас сталінскіх рэпрэсій пад Воршай пацярпеў ад невядомых вандалаў. На шыльду з надпісам «Месца памяці і смутку» прыхільнікі «русского мира» наклеілі налепкі ў выглядзе георгіеўскіх стужак. Побач быў усталяваны і нейкі плакат з расейскім «трыкалорам» і зоркамі, але на момант фіксацыі акту вандалізму ён ужо быў сарваны. Усё гэта выглядае на спланаваную акцыю, бо помнік месціцца за ўскраінай гораду, і трапіць сюды можна толькі маючы пэўную мэту.

На Кабыляцкай гары пад Воршай у 1930-я гады расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Пра гэта нагадвае помнік-валун, а навакольную тэрыторыю ўпарадкуюць валанцёры – мясцовыя актывісты і нашчадкі расстраляных. Падчас чарговай прыборкі мемарыяльных мясцінаў і былі заўважаны сляды прысутнасці вандалаў, кажа Ігар Станкевіч, кіраўнік грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы»:

«Мне патэлефанавалі абураныя сваякі і распавялі, што на помніку з’явіліся георгіеўскія стужкі. Той, хто гэта зрабіў, напэўна, імкнуўся прадэманстраваць свой ваяўнічы настрой у дачыненні да Беларусі і яе гісторыі. Расея як раней, так і зараз імкнецца прыхаваць падзеі перыяду сталінскіх рэпрэсій. Можа, нават, мы бачым тут спробу ўвогуле «перапісаць» гісторыю – маўляў, гэтых людзей расстралялі падчас мінулай вайны. Гэткая падмена – самы папулярны ідэалагічны выбрык у сучаснай Беларусі, калі злачынствы камуністычнага рэжыму перакідаюць на нацыстаў».

Помнік на Кабыляцкай гары і раней некалькі разоў цярпеў ад рук вандалаў. Але гэта былі звычайныя злодзеі, якія двойчы зрывалі з валуна  і выкрадалі "на металалом" сілумінавую мемарыяльную шыльду. Было гэта яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў. Пасля помнік ніхто не чапаў, і вакол яго ўтварыўся цэлы самаробны мемарыял: апрача агульнага помніка, тут пачалі з’яўляцца індывідуальныя помнікі ахвярам сталінскіх расстрэлаў.

Тое, што гэта былі менавіта сталінскія расстрэлы, даўно даказана. Чалавечыя косткі і чарапы ў гэтых мясцінах пачалі выкопваць падчас будаўніцтва чыгункі ў 1982-м годзе. Тады ж была сабрана адмысловая камісія, якая афіцыйна прызнала, што парэшткі належаць ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Такім чынам, пра трагедыю на Кабыляцкай гары стала вядома яшчэ раней за расстрэлы ў менскіх Курапатах.

Юрка Жмых