Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 25 Кастрычнік 2013

Туркмэнская вечарынка “з рускімі дзяўчатамі” ў Віцебску не адбылася

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Вечарынка плянавалася ў віцебскім клюбе “Зэбра” 24 кастрычніка, у дзень незалежнасьці Туркмэністану. Рашэньне адмяніць мерапрыемства адміністрацыяй клюбу было прынятае з прычыны масавай незадаволенасьці інтэрнэт-карыстальнікаў. Вось што распавялі ў клюбе: “Імпрэза адмененая. Прычына адмены — масавая незадаволенасьць у інтэрнэце. Вельмі масавая. Таму, каб пазьбегнуць інцыдэнтаў, мы вырашылі адмяніць імпрэзу”.

Прычынай незадаволенасьці карыстальнікаў сацсетак стала ў асноўным тое, што туркмэнскія студэнты зьбіраліся паклікаць на сваё закрытае сьвята “рускіх дзяўчат”. “Turkmen party — гэта ня толькі закрытая вечарынка для студэнтаў з Туркмэністана, але і месца, дзе можна сустрэць новых сяброў, правесьці добра час у сваёй кампаніі, а самае галоўнае — адсьвяткаваць дзень незалежнасьці Туркмэністану ў коле сваіх і станчыць свой каронны танец — лязгінку — разам. Вас чакае самае незабыўнае шоў, аб якім туркмэнскі студэнт мог толькі марыць. Удзельнічаюць толькі студэнты з Туркменістану і рускія дзяўчаты”, — гэтак арганізатары рэклямавалі сваю імпрэзу.

У выніку форумы і старонка “падзеі” УКантакце проста кішэлі, далікатна кажучы, неталерантнымі выказваньнямі на адрас арганізатараў і будучых удзельнікаў сьвяткаваньня. Бліжэй да вечара 21 кастрычніка адміністратары закрылі для агульнага прагляду старонку УКантакце. Аднак ад адмены гэты крок мерапрыемства не выратаваў.

Зараз у клюбе “Зэбра” гавораць, што не маглі такой рэакцыі нават уявіць. Маўляў, мінулым разам імпрэза прайшла спакойна. А сёлета яе вырашылі адмяніць на ўсякі выпадак. “Ведаеце, летась у нас праходзіла туркмэнская вечарына. І тады ніякіх інцыдэнтаў не было, усё прайшло спакойна. Калі б мы ведалі, што зараз такое будзе, то нават не пачыналі бы яе рыхтаваць”, — кажуць у клюбе.

Крыніца: Эўрарадыё