Палітычна матываваныя звальненні ў Беларусі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і масавых акцый пратэсту сталі адным са складнікаў татальнага пераследу грамадзян за іх актыўную пазіцыю і падрыхтоўкай да рэферэндума па зменах у Канстытуцыю краіны. Пішуць праваабаронцы на сайце ПЦ "Вясна".

Эканамічны суд Віцебскай вобласці прызнаў ААТ «Віцебскабллён» банкрутам і вынес рашэнне аб яго ліквідацыі. Агульны сход акцыянераў даўжніка сам ініцыяваў зварот у суд для пачатку афіцыйнага скасавання вытворчага аб'яднання. Запазычанасці аб'яднання складаюць 627 тыс. рублёў. Пра гэта піша statuspro.by.

Згодна са статыстычнымі дадзенымі, сярэдняя налічаная заработная плата ў Віцебскай вобласці па стане на кастрычнік 2021 году склала 1244,1 руб., або 505,1 долара ЗША. Аднак паводле звестак агульнарэспубліканскага банку вакансій па рэгіёну, каля 30% наймальнікаў гатовыя плаціць новапрынятым работнікам ад 400 да 500 рублёў. 

Намеснік першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) работнікаў ААТ «Нафтан» Аляксандр Балонкін быў звольнены з прадпрыемства 4 лістапада. Як паведамляе тэлеграм-канал «Беларускі Незалежны Прафсаюз Наваполацк», на заводзе ён адпрацаваў больш за 19 гадоў, да заканчэння кантракту заставалася менш за тры месяцы. Загад аб звальненні падпісаў генеральны дырэктар прадпрыемства Андрэй Сойка. У Балонкіна – трое няпоўнагадовых дзяцей.

Праваабаронца Павел Левінаў падчас правядзення маніторынгу захавання правоў чалавека ўстанавіў, што ў Віцебскай абласной клінічнай інфекцыйнай больніцы груба парушаюцца працоўныя правы тэхнічнага персаналу ўстановы. Паспрабаваў дамагчыся справядлівасці, але натыкнуўся на бюракратызм і фармалізм з боку гарадской пракуратуры і абласнога ўпраўлення інспекцыі працы.