Серада, 30 Ліпень 2014

Кіраўніка прафсаюзнай арганізацыі не пускаюць на «Шкловалакно»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Віктар Стукаў Віктар Стукаў

Віктар Стукаў, кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу беларускага, хацеў наведаць цэхі № 7 і № 12 ААТ «Шкловалакно», каб спраўдзіць скаргі працаўнікоў на ўмовы працы. Але варта было папярэдзіць пра свой візыт генэральнага дырэктара, як уваход на прадпрыемства яму пэрсанальна забаранілі.

Распавядае Віктар Стукаў: «Работнікі скардзяцца на гарачыню ў цэху, а таксама на нейкія шкодныя выпарэньні ў паветры. Праверыць шкоднасьць выпарэньняў ад хімічных рэчываў наш прафсаюз ня можа, аднак сытуацыя трывожная: ня так даўно ў „распраналцы“ пасьля зьмены памёр рабочы, якому зрабілася кепска яшчэ ў працоўны час… Адным словам, варта было ўсё паглядзець на ўласныя вочы. Таму я папярэдзіў кіраўніцтва, што 23 ліпеня прыйду ў цэх № 7 і № 12. Аднак на тэрыторыю прадпрыемства мяне не прапусьцілі».

Спадар Стукаў на «Шкловалакне» не працуе: некалькі гадоў таму яго звольнілі нібыта за парушэньні патрабаваньняў аховы працы. А па сутнасьці, каб зьменшыць уплыў ідэяў СПБ на працаўнікоў, лічыць Віктар Стукаў. Прафсаюзны лідэр мусіў зьвяртацца ў пракуратуру, калі пачалі перашкаджаць яму праходзіць на прадпрыемства.

«Проста на прахадную я выклікаў міліцыю па тэлефоне 102. Міліцыянты склалі пратаколы апытаньня абодвух бакоў. Я патэлефанаваў і ў пракуратуру, да таго супрацоўніка, які раней ужо тлумачыў мне мае правы — што я як кіраўнік прафсаюзнай суполкі маю права бесьперашкодна сустракацца з рабочымі. Гэтым разам пракурор параіў пакінуць адпаведны запіс у Кнізе скаргаў і прапановаў. Але і яе не ўдалося адваяваць: начальнік аддзелу прававога забесьпячэньня Васіль Зацірахін загадаў не даваць кнігу скаргаў — маўляў, яна прызначана толькі для водгукаў на якасьць прадукцыі».

Сытуацыю, якая склалася вакол ягонай асобы, Віктар Стукаў лічыць ненармальнай. 24 ліпеня ён падаў заяву ў пракуратуру з просьбай прыслаць на «Шкловалакно» пракурорскае прадпісаньне, каб яго, лідэра СПБ, прапускалі на прадпрыемства, як гэта прадугледжана беларускім заканадаўствам. Таксама ён просіць ацаніць з пункту гледжаньня права паводзіны адказных кіраўнікоў, якія спрабуюць забараняць яму сустракацца з працаўнікамі дзеля абароны іхных правоў.

Радыё Свабода