Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 17 Сакавік 2015

Работнікаў ААТ «Полацак-Шкловалакно» агітуюць за асацыяванае сяброўства ў Свабодным прафсаюзе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На ААТ «Полацак-Шкловалакно» актывісты першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) знаёмяць работнікаў з новай формай сяброўства ў СПБ. Прычынай стала нядобрасумленныя паводзіны наймальніка, які, даведаўшыся пра пералічэньні складак праз бухгальтэрыю, пачаў аказваць ціск на сяброў прафсаюзу.

«Пры асацыяваным сяброўстве работнікам ня трэба плаціць унёскі праз бухгальтэрыю. Наймальнік, атрымаўшы такія дадзеныя, паводзіць сябе ў адносінах да сяброў нашага прафсаюзу нядобрасумленна. Нядаўна ў адным з цэхаў адбыўся абуральны выпадак. Начальнік падышоў да трох работнікаў і даў зразумець: або яны пішуць заяву пра выхад са Свабоднага прафсаюзу, або іх звальняюць. Работнікі напісалі ў бухгальтэрыю заяву аб спыненьні ўтрыманьня зь іхных заробкаў прафсаюзных унёскаў. Але гэта не азначае, што яны выйшлі з нашай суполкі. Па-першае, з прафсаюзу мы выключаем работніка, калі ён ня плаціць унёскі больш за тры месяцы без паважнай прычыны. Тут, як мы ведаем, работнікі сутыкнуліся зь перасьледам з боку адміністрацыі. Па-другое, мы прапануем работнікам асацыяванае сяброўства і пераход на новую форму выплаты ўнёскаў», – распавёў лідэр пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу ААТ «Полацак-Шкловалакно» Віктар Стукаў.

Асацыяваныя сябры карыстаюцца ўсімі правамі сяброў СПБ, апроч аднаго – ня могуць быць выбраныя ў кіруючыя органы прафсаюзу. Яны могуць зьвяртацца па юрыдычныя кансультацыі, наконт напісаньня розных заяў, зваротаў, скаргаў. Іх меркаваньне будзе ўлічвацца падчас плянаваньня дзейнасьці прафсаюзу. Яны могуць удзельнічаць у розных мерапрыемствах прафсаюзу, у тым ліку ў навучальных курсах, сэмінарах, у моладзевым і жаночым напрамках дзейнасьці прафсаюзу. Асацыяванае сяброўства распаўсюджанае ў шмат якіх эўрапейскіх краінах.

Нягледзячы на тое, што суд Полацку забараніў адміністрацыі ААТ «Полацак-Шкловалакно» перашкаджаць старшыню першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу наведваць завод, Віктару Стукаву дагэтуль ня выдалі пропуску.

«Мінула ўжо больш за два тыдні з моманту, калі мы адправілі адміністрацыі ліст з просьбай выдаць мне пропуск, а таксама паведамілі нумар разьліковага рахунку, на які павінна быць пералічаная дзяржпошліна за судовыя выдаткі. Адказу дагэтуль няма. Мабыць, прыйдзецца падключаць судовага выканаўцу. Нашы звароты адміністрацыя ігнаруе ўжо ня першы раз. Больш за месяц мінула з моманту нашага звароту наконт заключэньня дадатковага пагадненьня да калектыўнай дамовы, дзякуючы чаму можна было б ліквідаваць дыскрымінацыю сяброў Свабоднага прафсаюзу. Адказ ад Белхімпрафсаюзу мы атрымалі, а ад адміністрацыі – не. Каб зразумець пазыцыю кіраўніцтва прадпрыемства, мяркую патрапіць на прыём да генэральнага дырэктара», – паведаміў Віктар Стукаў.

Крыніца: Прафсаюзны рух Беларусі