Панядзелак, 14 Люты 2022

Улады запісалі ў дармаеды 12 тысяч жыхароў Віцебскай вобласці

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Сакавік 2017 году. Фота: svaboda.org Сакавік 2017 году. Фота: svaboda.org

У Віцебскай вобласці налічылі каля 12 000 працаздольных грамадзянаў, «не занятых у эканоміцы», якія вымушаныя будуць аплачваць падвышаныя рахункі за камнульныя паслугі. Пра гэта заявіў старшыня камітэту па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкаму Аляксандр Хрыстафораў. 

Жыхары вобласці, якія трапілі ў гэтую катэгорыю, вымушаныя аплачваць так званы «падатак на дармаедства» – разлічвацца за камунальныя паслугі па падвышаных тарыфах.

Як запэўніў журналістаў аднаго з праўладных выданняў Аляксандр Хрыстафораў, зроблена гэта не таму, што ў дзяржавы няма магчымасцяў дапамагаць беспрацоўным або праз неэфектыўнасць эканомікі, а толькі «у мэтах дадатковага стымулявання да працаўладкавання».

Паводле інфармацыі чыноўніка, каб скласці і ўпарадкаваць гэты спіс «дармаедаў», абавязаных аплачваць павышаныя камунальныя плацяжы, у 2021 годзе 26 адпаведных камісіяў правялі 796 пасяджэнняў, з якіх 138 былі выязнымі. Праз падобныя камісіі прайшло каля 66000 жыхароў Віцебскай вобласці.

У адпаведнасці з Дэкрэтам №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» і пастановай Савету міністраў «Аб вызначэнні паслуг, якія прадастаўляюцца працаздольным грамадзянам, не занятым у эканоміцы…», грамадзяне абавязаныя аплачваць па падвышаных тарыфах ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне і газазабеспячэнне пры наяўнасці газавага ацяпляльнага абсталявання. 

У сярэднім, напрыклад, за ацяпленне такім грамадзянам даводзіцца плаціць у 5 разоў больш, чым астатнім. А ў цэлым аплата за камунальныя паслугі павялічваецца ў некалькі разоў.

Увядзенне "падатку на дармаедства" ад самага пачатку выклікала абурэнне беларусаў. У 2017 годзе па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту з патрабаваннем яго скасаваць. У Віцебску ў тым годзе на мірную акцыю выйшла каля 3000 чалавек. Пасля масавых пратэстаў улады былі вымушаныя адмяніць падатак. Але, калі напружанне спала, увялі зноу, ужо ў змененым выглядзе.

Яўген Князеў